Праваабаронцы – пра канфіскацыю офісу «Вясны»


Сёння раніцаю «Вясна» пакінула сваю менскую сядзібу, якую сканфіскавала дзяржава. У гэтым месцы 12 гадоў дапамагалі тым, чые правы былі парушаныя, – за час існавання офісу яго наведалі тысячы грамадзянаў. Тут збіралі сродкі для падтрымання палітвязняў, праводзілі прэс-канферэнцыі, трэнінгі ды семінары. Нават без рэгістрацыі праваабаронцы працавалі адкрыта і стараліся паспрыяць кожнаму.

Працягваць дзейнасць нягледзячы ні на што

«Я наведвала гэтае памяшканне з розных нагодаў ужо цягам пяці гадоў. Мяне заўсёды ўражвала вялікая колькасць людзей тут, актыўнасць – заўжды тут людзей спагадліва выслухоўвалі і спрабавалі дапамагчы. Сама займаюся гэтаю дзейнасцю ўжо тры гады, таму гэтае месца шмат для мяне значыць», – прызнаецца праваабаронца Наста Лойка. {movie}Наста Лойка пра канфіскацыю офіса “Вясны”|right|7707{/movie}

Яна дзякуе за падтрыманне ў цяжкі для арганізацыі момант. Людзі сталі прыходзіць не толькі па дапамогу, але і каб падтрымаць саміх праваабаронцаў.

«Больш за канфіскацыю нас хвалюе зняволенне Алеся Бяляцкага. Апошняе, пра што ён нас прасіў, – працягваць працу. Дзеля захавання гэтага запавету мы будзем працягваць сваю дзейнасць нягледзячы ні на што», – зазначае спн. Лойка.

Пры патрэбе – будзем працаваць на кватэры

«П’ю апошнюю гарбату ў гэтым офісе. Мы з «Вясною» сябруем з 2000 года, калі правялі першую супольную справу з нагоды «Нямігі», калі шукалі зніклых людзей. Дрыжыкі бяруць, што нашае агульнае памяшканне будзе выдаленае з праваабарончага поля. Частку душы мы сюды ўклалі», – успамінае праваабаронца Алег Волчак. {movie}Алег Волчак пра канфіскацыю офіса “Вясны”|right|7708{/movie}

Ён таксама адзначае вялізарнае падтрыманне з боку грамадства: варта ўзгадаць той жа збор сродкаў на кампенсацыю шкоды, якую нібыта нанёс Алесь Бяляцкі. І дзякуе журналістам, якія разам з праваабаронцамі з раніцы чакалі судовых выканаўцаў.

«Калегам жадаю заставацца такімі ж дружнымі, салідарнымі. Каб знайшлі іншае памяшканне для аказання дапамогі як мага хутчэй. Будзе трэба – у кагосьці на кватэры будзем працаваць», – паведамляе праваабаронца.

“Дзеяць у падполлі – немагчыма”

«Мы сваёй дзейнасці не спыняем, яна будзе працягнутая ўжо пасля Новага года ў поўным аб’ёме. Усе тыя кірункі будзем працягваць ажыццяўляць», – запэўнівае праваабаронца Валянцін Стэфановіч. {movie}Валянцін Стэфановіч пра канфіскацыю офіса “Вясны”|right|7709{/movie}

Ён прызнае, што гэта сур’ёзны ўдар для «Вясны», бо праваабаронцам было важна мець публічную пляцоўку, пра якую ведалі б людзі і куды заўсёды маглі б звярнуцца. Дзеяць у падполлі проста немагчыма.

«Тыя, хто працуе з інфармацыяй, вядзе сайт, будуць працаваць з хаты. Усе мы па-ранейшаму даступныя праз тэлефоны, і калі ўзнікне такая патрэба, мы гатовыя сустрэцца з людзьмі», – заявіў Стэфановіч.

belsat.eu

Стужка навінаў