З Беларусі вывозяць валюту


Берасцейскія мытнікі за апошнія тры дні выкрылі дзве спробы незаконнага вывазу за мяжу буйных сумаў у валюце.

Як паведамілі ў прэс-групе Берасцейскай мытні, 23 лістапада грамадзянін Расеі, пасажыр цягніка Масква–Прага заявіў, што вязе € 5 тыс. Падчас агляду ягонай дарожнай торбы мытнікі знайшлі яшчэ RUB 115 тыс. і € 10 тыс. У расейца cканфіскавалі € 7 220 і RUB 115 тыс. на падставе таго, што пры вывазе наяўнай валюты на агульную суму, якая перавышае ў эквіваленце $ 10 тыс., грашовыя сродкі падлягаюць пісьмоваму мытнаму дэклараванню.

24 лістапада ў грамадзяніна Беларусі з той жа прычыны сканфіскавалі $ 9 400. Мужчына ехаў у цягніку Менск–Варшава і на пытанне мытнікаў адказаў, што перавозіць $ 8 200 ды іншых грашовых сродкаў, якія падлягаюць пісьмоваму дэклараванню, у яго няма. Пасля гэтага ў пасажыра знайшлі яшчэ $ 10 600 і € 400.

Як адзначылі ў прэс-групе Берасцейскай мытні, сёлета ў пункце пропуск «Берасце-Цэнтральнае» працаўнікі службы выявілі 30 спробаў незаконнага вывазу валюты за мяжу. У парушальнікаў сканфіскавалі грашовыя сродкі на агульную суму больш за Br 3 млрд.

Раней паведамлялася, што мытнікі былі знайшлі 200 купюраў па € 500 у вядры ў душавым аддзяленні купэ цягніка Масква–Парыж.

belsat.eu

Стужка навінаў