Незалежнасць Каталоніі адкладаецца


Прыхільнікі аддзялення ад Іспаніі занялі на парламенцкіх выбарах першае месца, але не атрымалі абсалютнай большасці галасоў у парламенце.

Прэзідэнту Каталоніі Артуру Мазу і ягонай нацыяналістычнай партыі “Канвергенцыя і саюз” удалося здабыць 50 месцаў у парламенце (30,55 %). Але дзеля таго, каб рэалізаваць ідэю аддзялення рэгіёну ад Іспаніі, патрэбная была абсалютная большасць: 68 мандатаў.

Артур Маз разлічваў на абсалютную перамогу, пра што ён неаднаразова заяўляў падчас выбарчай кампаніі. Ён абяцаў, што калі гэта адбудзецца, ужо ў студзені 2013 г. ён унясе ў заканадаўства рэгіёну папраўкі, якія нададуць афіцыйны статус рэферэндумам, ініцыяваным на рэгіянальным узроўні. Перамогу нацыяналістаў прадказвалі і сацыёлагі.

Выбары ў парламент былі датэрміновыя. Адпаведнае рашэнне прынялі ў верасні, пасля таго, як прэм’ер-міністр Іспаніі Мар’яна Рахой адмовіўся даць Каталоніі падатковую незалежнасць. Увесці яе прапаноўваў Артур Маз.

Сепаратысцкія настроі каталонцаў апошнім часам падаграваюцца эканамічным крызісам, з якім змагаецца Мадрыд.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары