Гайдукевіч падпісаў з Жырыноўскім «унікальную палітычную дамову»


“Гэта шлях у Расею”, – пракаментаваў намеснік старшыні Беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Ліберальна-дэмакратычныя партыі Беларусі ды Расеі дамовіліся аб супрацы. Дакумент быў падпісаны на мінулым тыдні падчас візіту беларускай партыйнай дэлегацыі ў Маскву, паведаміў Алег Гайдукевіч 26 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску.

“Мы падпісалі ўнікальную палітычную дамову, якая не мае аналагаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта шлях у Расею. Мы – адзіная партыя ў Беларусі, якая мае кантакты з расейскімі парламенцкімі партыямі”, – сказаў ён.

Са словаў Гайдукевіча, у дамове прапісаныя “канкрэтныя пункты палітычнага падтрымання беларускай ЛДП з боку ЛДПР”. “Гэта будзе адбывацца не праз грошы, а праз сродкі масавай інфармацыі Расеі. Прадугледжваецца ўсебаковае падтрыманне партыяў на міжнароднай арэне”, – дадаў ён.

У дамове прапісаныя супольныя дзеянні дзеля прыходу да ўлады ліберальна-дэмакратычных сілаў, прадугледжваецца супольная падрыхтоўка партыйных кадраў.

Гайдукевіч адзначыў, што дамова падпісаная ў тым ліку і для таго, каб развівалася палітычная сістэма ў Беларусі. “Будуць развівацца партыі, будзе развівацца і дэмакратыя ў краіне. Мы імкнемся памяняць менталітэт адносна таго, што партыі ў Беларусі – гэта дысідэнты, якія кажуць толькі пра тое, што трэба скінуць Лукашэнку. Мы будзем уносіць у палітычнае жыццё рэчаіснасць. ЛДП – самая сумленная апазіцыйная палітычная партыя Беларусі”, – сказаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў