Праграму візіту Мартынава ў Брусель МЗС трымае ў таямніцы


Пра паездку кіраўніка МЗС медыі даведаліся ад Маі Качыянчыч, прэсавага сакратара Кэтрын Эштан.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных пацвердзіў БелаПАНу, што міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў 10 студзеня сапраўды знаходзіцца з візітам у Бруселі. Праграму і тэрміны ён паведаміць адмовіўся.

Пра тое, што Мартынаў меўся наведаць на гэтым тыдні Брусель і сустрэцца з Кэтрын Эштан, вярхоўн. прадстаўніцаю ЕЗ у пытаннях вонкавай палітыкі ды палітыкі бяспекі, паведаміла 7 студзеня Польскаму агенцтву друку (PAP) прэсавы сакратар апошняй Мая Кацыянчыч.

Раней агенцтва са спасылкаю на дыпламатычныя крыніцы ў Бруселі паведамляла, што візіт адбудзецца за ініцыятывы беларускага боку. Мартынаў нібыта хоча сустрэцца таксама з еўракамісарам у пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле. Ягоны прэсавы сакратар Наташа Батлер адмовілася каментаваць інфармацыю, паведаміўшы толькі, што еўракамісар “рэгулярна кантактуе з беларускім бокам”.

7 студзеня прадстаўнікі краінаў-сябраў ЕЗ вырашылі рыхтаваць рашэнне аб аднаўленні візавых санкцыяў у дачыненні беларускіх чыноўнікаў. Не выключана, што кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў краінаў Еўразвязу прымуць канчатковае рашэнне на пасяджэнні ў Бруселі 31 студзеня.

Глядзі таксама
Каментары