Стэфановіч: Неўзабаве «Вясна» будзе працаваць у новым офісе


Пакуль жа прыёмная цэнтру пераехала ў офіс руху “За свабоду”.

Сёння раніцаю незарэгістраваны цэнтр “Вясна” пакінуў свой офіс, канфіскаваны дзяржаваю. Кватэра, дзе дванаццаць гадоў працавалі праваабаронцы, належала лідару арганізацыі Алесю Бяляцкаму, асуджанаму паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на 4 з паловаю гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. 24 лістапада споўніўся роўна год з моманту вынясення прысуду Бяляцкаму, які таксама ёсць віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, за час існавання офісу яго наведалі тысячы грамадзянаў, якім аказвалася прававая дапамога, збіраліся сродкі для падтрымання палітвязняў, праводзіліся прэс-канферэнцыі, трэнінгі ды семінары. “Мы заўсёды ажыццяўлялі сваю дзейнасць адкрыта, нягледзячы на адсутнасць рэгістрацыі з 2003 года і звязаную з гэтым пагрозу пераследу”, – адзначыў ён.

Канфіскацыя офісу – сур’ёзны ўдар для арганізацыі, але ў новым годзе праваабаронцы плануюць аднавіць дзейнасць у поўным аб’ёме ў новым офісе, сказаў Стэфановіч. “Для нас важна мець такое месца, бо праваабарончая арганізацыя не можа існаваць віртуальна ў інтэрнэце. Мы працуем у першую чаргу з людзьмі, і людзі маюць ведаць, дзе нас знайсці”, – падкрэсліў ён.

Пакуль жа грамадская прыёмная “Вясны” часова будзе працаваць у офісе руху “За свабоду”. “Тыя, хто працуе з інфармацыяй, маніторынг, вядзе сайт, будуць працаваць з хаты. Усе мы па-ранейшаму даступныя праз тэлефоны, і, калі ўзнікне такая патрэба, мы гатовыя сустрэцца з людзьмі”, – заявіў Стэфановіч.

belsat.eu

Стужка навінаў