Дзівосы першай Менскай трыенале


У нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» адкрылася першая Менская трыенале сучаснага мастацтва «БелЭкспаАрт-2012», у якой бяруць удзел мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Польшчы, Расеі, Сербіі ды Украіны.

На адной пляцоўцы сабраныя амаль усе віды мастацтва: жывапіс, скульптура, графіка, фатаграфія, інсталяцыя, музыка, мода, тэатр і харэаграфія. Ладзяцца майстар-класы, лекцыі, сустрэчы з маладымі дзеячамі мастацтва. Музычныя калектывы і дыджэі прэзентуюць розныя кірункі электроннай музыкі, а дызайнеры пакажуць 25 калекцыяў.

«Вядома, я ўбачыў тут шмат нечаканага, – зазначыў на цырымоніі адкрыцця выставы віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік, – можа, для майго пакалення і не зусім прымальнага. Але, як казаў некалі Гумбальт, усякая ісціна праходзіць у свядомасці чалавека тры этапы: «Якая лухта!»; «Штосьці ў гэтым ёсць!»; «Хто ж гэтага не ведае?!». Думаю, і мы паслядоўна пройдзем за дні выставы гэтыя этапы».

Паводле дырэктара творчых майстэрняў «Цэнтр сучасных мастацтваў» Уладзіміра Альшэўскага, гэтая выстава – толькі малы фрагмент таго, што могуць паказаць беларускія мастакі.

Першая Менская трыенале сучаснага мастацтва «БелЭкспаАрт-2012» будзе працаваць да 9 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў