Віцебская пошта не ведае беларускіх літараў


Віцебская абласная пошта дасылае беларускамоўныя тэлеграмы, запісваючы іх пры дапамозе расейскага алфавіту. Такую тэлеграму атрымаў грамадскі актывіст Ілля Заранок.

«Як шкада, што ў краіне, дзе прынамсі дзве мовы дзяржаўныя, Віцебская абласная пошта не мае для беларусаў літараў І, Ё і Ў», – напісаў ён у «Facebook».

Ілля ўдакладніў, што з гэтай нагоды ўжо рыхтуецца афіцыйная скарга. «Не ад мяне. А ад таго, хто адпраўляў тэлеграму. Ведаю, што ў Менску праблемаў такіх на пошце няма», – дадаў актывіст.

У саll-цэнтры «Белпошты» пытанне пра выкарыстанне беларускага алфавіту для запісу тэлеграмаў па-беларуску паставіла ў тупік. «Ну можа, яны калі афармлялі, дык указалі, каб дасылалі на расейскай мове, – задумалася працаўніца пошты. – А калі давалі тэлеграму па тэлефоне, дык гэта не да нас – запытайце ў «Белтэлекаме».

Зразумела, што беларускамоўны жыхар Віцебску не прасіў пры афармленні тэлеграмы пазначыць, каб яе пасылалі па-расейску.

Як заявіў «Белсату» старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, перадача вуснай беларускай мовы праз алфавіт іншай мовы – гэта парушэнне заканадаўства.

«Гэта парушэнне Канстытуцыі ды знакамітага рэферэндуму «Аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў», які таксама мае сілу. А потым яны ў Закон аб мовах, парушаючы Канстытуцыю, увялі запіску: на якой мове хачу, на такой і адказваю. Таму чыноўнікі будуць спасылацца на закон аб мовах і будуць мець рацыю. А вы будзеце спасылацца на Канстытуцыю і рэферэндум – і таксама будзеце мець рацыю. Маўляў, прынялі рэферэндум аб роўнасці моваў – забяспечце гэтую роўнасць. Але паколькі Канстытуцыя вышэйшая за закон, то сіла за вамі», – перакананы ён.

На практыцы гэтае пытанне можна развязаць элементарна, спаслаўшыся на новы закон аб звароце грамадзянаў, мяркуе эксперт.

«Калі грамадзянін піша чыноўніку па-беларуску, той абавязанаы на гэтай мове даць адказ. Напішыце кіраўніку віцебскай пошты афіцыйны ліст: «У гэткім аддзяленні адмовілі пісаць тэлеграму сродкамі беларускага алфавіту, я лічу, што гэта парушэнне маіх грамадзянскіх правоў, парушэнне дзейснай Канстытуцыі. Таму прашу правесці службовае расследаванне і даць мне адказ». Такіх лістоў трэба арганізаваць дзясяткі два – пасля таго, як ён разоў 20 адкажа па-беларуску (а ён абавязаны, не адкажа – з яго шкуру знімуць), усё будзе па-беларуску», – прапанаваў Алег Трусаў.

ТБМ нядаўна паспяхова правяло падобную акцыю.

«Мы арганізавалі сотні чатыры лістоў на чыгунку, бо вакзал не хацеў афармляць па-беларуску. Дык у іх ужо папера скончылася адказы пісаць! І чыгунка зразумела: справа – дрэнь», – смяецца суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў