Птушкі п’яныя над горадам кружацца...


У Санкт-Пецярбурзе і ваколіцах з’явіліся п’яныя птушкі, якія, наеўшыся забрадзілых ягадаў рабіны, тэрарызуюць жыхароў расейскай паўночнай сталіцы.

З-за незвычайна цёплага і вільготнага надвор’я ў ваколіцах Санкт-Пецярбургу забрадзілі рабіны – асноўны корм у гэтую пару для некаторых відаў птушак. Наеўшыся ягадаў з «градусам», крылатыя пачалі паводзіць сябе вельмі дзіўна: лётаць па непрадказальнай траекторыі, уразацца ў людзей і будынкі, біцца ў шыбы ды проста валіцца на зямлю, піша utro.ru. Пра нецвярозых амялушак на вуліцах гораду журналістам паведамілі відавочцы.

Алкагольна-ягадны рацыён уяўляе небяспеку для птушак, якія паглынаюць забрадзілыя рабіны ў колькасцях, што істотна перавышаюць іхную ўласную вагу. У выніку тыя могуць загінуць пры сутыкненні з перашкодамі, а таксама ад разрыву вантробаў. Арнітолагі падкрэсліваюць, што птушынае п’янства можа адмоўна паўплываць на папуляцыю амялушак у Ленінградскай вобласці.

Адмыслоўцы заўважаюць, што «п’янстваваць» у жывёльным свеце любяць не толькі птушкі. На курортах сустракаюцца, напрыклад, малпы-алкаголікі, якія дапіваюць пакінутыя на пляжах алкагольныя напоі. Схільныя да п’янства, як аказалася, нават казуркі. «Ёсць такі матылёк-галубянка, які адкладае свае яйкі ў мурашнік, і мурашкі выкормліваюць вусеняў матылька, бо тыя выдзяляюць кропелькі з алкалоідамі. Працоўныя мурашы пасля працоўнага дня прыходзяць, злізваюць гэтыя кропелькі ды чмурэюць», – распавёў радыё «Маяк» натураліст Аляксандр Хабургаеў.

belsat.eu

Стужка навінаў