У Менску распачынаецца фестываль Януша Корчака


У беларускай сталіцы пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных польскаму педагогу і пісьменніку.

У суботу 24 лістапада а 14:00 у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці 37а) адбудзецца дзіцячы ранішнік «Кароль Мацюсь назаўжды» паводле твораў Корчака. У праграме – прагляд урыўкаў польскага мюзіклу «Януш Корчак», мастацкае чытанне твораў аб прыгодах караля Мацюся і Кайтуся-чарадзея ў выкананні акторкі Ганны Хітрык, а таксама пачастунак для дзяцей.

27 і 29 лістапада адбудуцца адкрытыя лекцыі па гісторыі педагогікі, пра дзейнасць Януша Корчака, якія прачытае прафесар Анджэй Яноўскі. Абедзве лекцыі распачнуцца а 18:30 у 2-ім корпусе гатэлю «Менск» (Незалежнасці 11, навучальная зала 609).

У сераду 28 лістапада адбудзецца прэзентацыя Корчакавых твораў для студэнтаў педагагічнага ўніверсітэту. У імпрэзе возьмуць удзел прафесар педагогікі Анджэй Яноўскі, перакладчыкі Інэса Кур’ян і Уладзімір Васілевіч, а таксама нашчадкі знанай перакладчыцы Ядвігі Бяганскай. Імпрэза адбудзецца ў актавай зале БДПУ (Савецкая 18).

У год памяці Януша Корчака ў выдавецтве «Логвінаў» пры падтрыманні польскай абмасады выйшаў трохтамовік твораў для дзяцей і падлеткаў слыннага пісьменніка і легендарнага польскага педагога. Гэтае выданне – абноўленыя пераклады кніг «Кароль Мацюсь Першы» і «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве», а таксама першае беларускае выданне кнігі «Кайтусь-чарадзей».

Януш Корчак (сапраўднае імя – Гэнрык Ґольдшміт (Henryk Goldszmit), 22 ліпеня 1878 ці 1879, Варшава – 5 ці 6 жніўня 1942) – доктар, пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, афіцэр Войска Польскага, педагог-наватар, аўтар публікацыяў па тэорыі і практыцы выхавання, пачынальнік дзейнасці дзеля абароны правоў і абсалютнага раўнапраўя дзяцей. У якасці дырэктара дзіцячага дому ён стварыў, сярод іншага, дзіцячы сяброўскі суд, у якім дзеці самі разглядалі свае справы, а таксама маглі прыцягваць да суда сваіх выхавальнікаў.

Корчак заснаваў першы педагагічны часопіс «Малы агляд» (Mały Przegląd), які змяшчаў матэрыялы, дасланыя дзецьмі і разлічаныя пераважна на юнага чытача.

Памёр Януш Корчак у газавай камеры канцэнтрацыйнага лагеру ў Трэблінцы, разам са сваймі выхаванцамі, хоць у апошні момант нацысты прапаноўвалі яму ратунак.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары