Таццяна Севярынец рэгіструе новую арганізацыю


Актывістка падала дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб’яднання «Хрысціянскія дэмакраты Віцебшчыны».

23 лістапада каардынатарка аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) на Віцебскую вобласць Таццяна Севярынец падала ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму дакументы на рэгістрацыю абласнога грамадскага аб’яднання «Хрысціянскія дэмакраты Віцебшчыны» (ХДВ).

Паводле яе, устаноўчы сход ХДВ адбыўся 27 кастрычніка ў Віцебску. «Я нагадаю, што ў сувязі з узмацненнем рэпрэсіяў супраць актывістаў БХД з боку ўладаў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі пастанавілі падаваць дакументы на рэгістрацыю рэгіянальных грамадскіх аб’яднанняў. Гэта дазволіць абараніць нашых актывістаў хоць бы часова ад пагрозаў пераследу паводле артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу», – паведаміла спадарыня Севярынец.

Дзяячка таксама адзначыла, што спачатку ХДВ знайшло юрыдычны адрас у Віцебску. Аднак да прадпрымальніка, які дазволіў выкарыстоўваць гэты адрас, прыйшоў, як ён сказаў, вельмі важны чыноўнік з Кастрычніцкага райвыканкаму Віцебску і правёў гутарку пра небяспеку прадстаўлення ХВД юрыдычнага адрасу і памяшкання. Актывісты вырашылі не падстаўляць прадпрымальніка і зарэгістраваць аб’яднанне на запасны адрас у Наваполацку.

Як паведаміла актывістка, падчас падачы дакументаў яна расказала пра гэтую сітуацыю чыноўніцы Ілоне Шульзе, якая адказвае ў Віцебскім аблвыканкаме за рэгістрацыю камерцыйных і грамадскіх арганізацыяў. «Цяпер месяц будуць разглядаць нашыя дакументы на рэгістрацыю. Потым, хутчэй за ўсё, нас не зарэгіструюць, і мы пойдзем шмат разоў ходжанаю дарожкаю: скаргі, суд і гэтак далей. Мы да гэтага гатовыя», – прызналася сябра БХД.

belsat.eu

Стужка навінаў