Менчукі: Ладуцька лічыць сябе князьком?


Жыхары сталіцы выступаюць супраць пабудовы шматпавярховага гатэлю ў гістарычным цэнтры гораду.

Менгарвыканкам прапанаваў балгарскаму інвестару пад будаўніцтва 16-павярховага гатэлю «Aras Palace» участак на скрыжаванні вуліцаў Гарадскі Вал і Валадарскага. Пра гэта на грамадскіх слуханнях паведаміў сам інвестар праекту Філіп Ісаеў.

Ён падкрэсліў, што прыехаў у Беларусь на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі для інвестыцыяў у развіццё турыстычнага бізнесу Беларусі. {movie}Грамадскія слуханні наконт гатэля на Валадарскага|right|7676{/movie}

У гатэлі будуць размяшчацца SPA-цэнтр, летняя кавярня, некалькі парковак і казіно.

Жыхары навакольных дамоў адмоўна ставяцца да праекту. Больш за ўсё іх турбуе магчымае змяненне аблічча гэтага раёну – меркаваны гатэль моцна адрозніваецца ад суседніх дамоў па стылі і значна вышэйшы. На слуханнях яны выказалі свае прэтэнзіі да праекту будаўніцтва гатэлю.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у сваім выступе адзначыў, што не толькі будаўніцтва, але і складанне праекту гасцініцы не законнае, бо гэтая тэрыторыя ўяўляе з сябе гістарычна-культурную каштоўнасць. Раней на гэтым месцы стаяла жаночая гарадская гімназія, у якой вучылася акторка Стэфанія Станюта.

У сваю чаргу галоўны архітэктар праекту Аляксандр Цэйтліна ўпэўнены, што «з’яўленне гасцініцы не ўнясе ніякага дысанансу» ў жыццё жыхароў навакольных дамоў. «Вы кажаце, што цяпер машыны ставіць няма дзе, няма месцаў для паркоўкі. Але сітуацыя такая, што месцаў не будзе і пасля, – сказаў Цэйтліна. – Гэтая тэрыторыя належыць дзяржаве, якая дэлегавала Менгарвыканкаму распараджацца ёю».

У сваю чаргу адна з мясцовых жыхарак зачытала вытрымку з арт. 24 Закону аб зямлі: «грамадскасць павінна браць удзел у прыняцці рашэнняў пра вылучэнне зямлі».

«Нашай думкі хто-небудзь спытаў? – абурылася жанчына. – Ці Ладуцька лічыць сябе князьком? Захацеў – прадаў кавалак зямлі?»

belsat.eu

Стужка навінаў