Бяляцкі атрымаў прэмію імя Пэтры Келі і перадаў калегам (Дадаліся фоты)


Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ўвечары 22 лістапада ў Берліне. Прэмію замест Алеся атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук. «Гэтая прэмія – высокая ацэнка ягонай дзейнасці», – заявіла жонка праваабаронцы.

Яна таксама паведаміла, што Бяляцкі адмовіўся ад грашовага складніку прэміі – 10 тыс. еўраў – і папрасіў накіраваць гэтыя сродкі на падтрыманне праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

Прэмія Пэтры Келі (1947–1992) заснаваная на памяць пра вядомую палітычную дзяячку, якая брала ўдзел у стварэнні ў Германіі Партыі зялёных. Прэмія прысуджаецца за актыўны ўдзел у барацьбе за захаванне правоў чалавека, негвалтоўнае развязанне канфліктаў і абарону навакольнага асяроддзя. У апошнія гады ўзнагародаю адзначалі расейскага адваката і праваабаронцу Юрыя Шміта, кітайскага адваката Чжана Сі Чжы ды актывістку ў абароне правоў чалавека і экалогіі з Кеніі Ўангары Маатай, якая пазней зрабілася лаўрэаткаю Нобелеўскай прэміі міру.

Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне паводле рашэння суда, які 24 лістапада 2011 г. прызнаў праваабаронцу вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў Алеся да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага паслужыла інфармацыя пра ягоныя рахункі ў банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі тое, што сродкі на гэтых рахунках выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не прынялі да ўвагі і тое, што шкода, нібыта нанесеная Бяляцкім дзяржаве, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзянаў.

Асуджаны 50-гадовы праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйску, дзе працуе пакавальнікам швейных вырабаў.

belsat.eu

Стужка навінаў