Гомельская епархія апраўдваецца за кошты на свечкі


Кіраўнік інфармацыйнага аддзелу Гомельскай епархіі протаіерэй Алег Кастрама пракаментаваў указанні гомельскіх ідэолагаў духавенству наконт нібыта прысутных у цэрквах недахопаў.

«Непразрыстасць коштаў на свечкі»

16 лістапада кіраўніцтва Гомля разам з прадстаўнікамі епархіяльнага ўпраўлення і настаяцелямі мясцовых цэркваў разгледзелі пытанні супрацы органаў улады і епархіі. На сустрэчы, пра якую напісала газета «Новый Вечерний Гомель», прагучалі некаторыя прэтэнзіі да царквы з вуснаў начальніцы аддзелу ідэалагічнай працы Гомельскага гарвыканкаму Ганны Шыдлоўскай. У прыватнасці, яна заявіла пра «непразрыстасць фармавання цэнаў на васковыя свечкі ў прыходах і бескантрольныя выемкі сродкаў са спецыяльных скрыняў для збору ахвяраванняў, устаноўленых у грамадскіх месцах».

«Палітыкі фармавання цэнаў у праваслаўных цэрквах не існуе, ёсць паняцце «ахвяраванне». Калі ў чалавека няма грошай на свечку, ён можа ўзяць яе ў царкве бясплатна. У цэрквах Гомельскай епархіі ёсць такое дабраславенне – калі чалавек прыйшоў і кажа, што няма грошай на тую ці іншую адправу, святары гэтую адправу робяць бясплатна», – пракаментаваў Алег Кастрама.

Ён зазначыў, што і ў выемках ахвяраванняў парушэнняў няма: ёсць рэвізійная камісія, якая заўсёды робіць выемку, пералічвае грошы, адразу ў крамах абменьвае дробныя купюры на буйныя і складае акт пасля прыезду ў царкву. Адкуль і да чаго менавіта прэтэнзіі ў ідэолагаў – протаіерэй не ведае.

Супрацьпажарныя апавяшчальнікі супраць кадзіла

На сустрэчы ў гарвыканкаме было ўзнятае пытанне аб неабходнасці ўсталявання ў цэрквах пажарных апавяшчальнікаў.

«Сучасныя пажарныя апавяшчальнікі спрацоўваюць на дым ад кадзіла, апавяшчальнікі не прымяняльныя ў цэрквах. Уявіце: свята, і спрацоўвае апавяшчальнік. Ва ўсіх гарадскіх цэрквах ёсць вартаўнікі, і ёсць спосабы апавяшчэння пра пажар, і тушэння загаранняў. А калі сур’ёзны пажар, то вартаўнік выклікае ратавальнікаў», – растлумачыў протаіерэй.

Ён заўважыў, што яшчэ не было такога, каб у царкве згарэлі людзі, калі, вядома, яны не прынялі пакутніцкую смерць. Паводле Алега Кастрамы, не прымяняльныя да царквы і патрабаванні пажарнікаў прыкруціць падсвечнікі да падлогі.

«Трэба, каб пажарнікі выпрацавалі патрабаванні, якія б злучаліся з царквою. Каб пахадзілі ў царкву, памаліліся і паглядзелі збоку, што і як рабіць. Мы ж не супраць паляпшэнняў, а толькі за», – выказаўся святар.

Ён падсумаваў, што паседжанне ў гарвыканкаме было працоўнае, і ён лічыць яго плённым.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары