Леў Марголін: Статус Раманчука можа змяніць толькі з’езд


Палітрада і Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі працоўную нараду. Як паведаміў “Белсату” намеснік кіраўніка партыі Леў Марголін, пытанне пра сяброўства ў партыі Яраслава Раманчука на ім не ўздымалася, бо ў сённяшніх умовах гэта не пытанне першай неабходнасці.

“Нам сёння трэба думаць, як дамагчыся вызвалення ўсіх палітзняволеных і нашага лідара Анатоля Лябедзькі. Да таго ж трэба дамовіцца пра кансалідацыю пазіцыяў усіх апазіцыйных сілаў і прыняць дадатковыя захады для інфармавання насельніцтва, бо не ўсе ведаюць, што насамрэч адбылося 19 снежня”, – акрэсліў кола пытанняў нарады Леў Марголін.

Палітык таксама паведаміў, што, магчыма, пытанне наконт Раманчука будзе абмяркоўвацца на афіцыйным паседжанні Нацыянальнага камітэту АГП, прызначаным на канец студзеня. “Але фармальна статус Раманчука такі, што змяніць яго можа з’езд або сам Яраслаў”, – дадаў Леў Марголін.

Сам Яраслаў Раманчук заявіў інтэрнэт-рэсурсу ALE.BY, што працуе цяпер над сістэмнаю рэформай эканомікі ды фармаваннем дырэктывы, якая ў будучыні дасць магчымасць Беларусі “палепшыць бізнес-клімат і трапіць у трыццатку паспяховых краінаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў