Камітэт ААН прапанаваў уладам Беларусі рэабілітаваць Кавалёва ў медыях


Прэтэнзіі маці і сястры расстралянага паводле абвінавачвання ў тэракце міжнародная структура падтрымала на 90 %.

Перадусім дзяржава парушыла права Уладзіслава Кавалёва на жыццё, лічаць у Камітэце правоў чалавека ААН. Пра гэта паведаміў 22 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску праваабаронца Раман Кісляк, які рэпрэзентуе аўтараў звароту ў ААН.

{movie}Любоў Кавалёва пра неадпаведнасці ў доказах суда|left|7652{/movie}Ён адзначыў, што скаргу маці пакаранага, Любові Кавалёвай, і ягонай сястры Таццяны зарэгістравалі ў Камітэце правоў чалавека ААН 15 снежня 2011 года, разгледзелі – 29 кастрычніка 2012 года, а 21 лістапада Кавалёва атрымала пісьмовы адказ праз пошту. Звычайна такія звароты разглядаюцца цягам двух-трох гадоў, падкрэсліў Кісляк.

На думку Камітэту правоў чалавека ААН, пры разглядзе справы Уладзіслава Кавалёва Беларусь парушыла Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама факультатыўны пратакол да яго, які прадугледжвае своечасовы зварот абвінавачанага ў ААН.

Паводле Кісляка, Камітэт ААН задаволіў 85–90% патрабаванняў, якія выставаўлялі ўладам маці і сястра Кавалёва. Гэтак, прызналі наступныя парушэнні: ужыванне фізічнай сілы; прымус сведчыць супраць сябе; парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, бо медыі паказвалі абвінавачанага ў клетцы і ў кайданках. Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не быў ні незалежны, ні неаднабаковы.

Камітэту звярнуўся да ўладаў з патрабаваннем апублікаваць яго пастанову ў медыях, а таксама зрабіць шэраг захадаў, каб судовыя памылкі не рабіліся ў будучыні.

Любоў Кавалёва ў размове з журналістамі сказала, што разумее: сына не вярнуць, але цяпер хоча яго «проста рэабілітаваць у вачах людзей».

Уладзіслава Кавалёва пакаралі сёлета вясною за суўдзел у тэрарызме разам з Дзмітрыем Канавалавым, якога прызналі галоўным вінаватым у тэракце ў менскім метро 11 красавіка 2011 года.

belsat.eu

Стужка навінаў