Наталля Радзіна: У Беларусі могуць расстраляць любога


Госця «Гарачага каментара» лічыць, што ў Беларусі катаваннямі выбіваюць патрэбныя ўладам прызнанні.

У Менску міліцыянты цягам 6 гадзінаў здзекаваліся з пенсіянера Васіля Сарочыка, змушаючы яго ўзяць на сябе віну за крадзеж надмагільных плітаў. Прызнання выбіць не ўдалося, а Сарочык дасюль не можа ўцяміць: чаму людзям у пагонах дазваляецца ў нашай краіне ўсё?

Галоўная рэдактарка парталу «Хартыя’97» адзначыла, што з’ява катаванняў у Беларусі – масавая, прычым, як паказаў выпадак з менскім пенсіянерам, катуюць не толькі палітычных зняволеных, але і звычайных грамадзянаў.

«Я сама была ў турме КДБ і чула крыкі катаваных мужчынаў», – распавяла журналістка. Радзіна адзначыла, што яе трымалі тады ва ўмовах, якія адпавядаюць вызначэнню катаванняў: «Я спала проста на падлозе. У камеры адсутнічала прыбіральня. Мяне выводзілі туды толькі кожныя 4 гадзіны пад канвоем». У выніку журналістка перастала піць ваду, што выклікала праблемы са здароўем.

Справа Канавалава і Кавалёва, паводле госці «Белсату», давяла, што з дапамогаю катаванняў у Беларусі здолеюць выбіць любыя прызнанні, за якія чалавека могуць расстраляць.

{movie}Наталля Радзіна ў “Гарачым каментары”|right|7641{/movie}«Катаванні ўжываюцца ў дачыненні ўсіх. І раней ці пазней з гэтым можа сутыкнуцца кожны», – лічыць рэдактарка незалежнага парталу. Яна падкрэсліла, што міліцыя ў Беларусі – абсалютна беспакараная, а міжнародныя структуры не рэагуюць належным чынам на здзекі і бяспраўе ў Беларусі.

Госця «Белсату» перакананая, што з катаваннямі і несправядлівасцю ў краіне мусіць змагацца кожны грамадзянін. «Акрамя нас гэтага ніхто не зробіць. Трэба змяняць усю сістэму і рэжым, інакш усе рэформы праваахоўных органаў будуць безвыніковыя», – падагульніла Наталля Радзіна.

belsat.eu

Стужка навінаў