Былы кіраўнік Фрунзенскага РУУС: 90% міліцыянтаў – выдатныя людзі


Сын кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі, які нядаўна сышоў з міліцыі, пракаментаваў выпадак жорсткага збіцця вартаўніка менскімі праваахоўнікамі.

Паводле былога кіраўніка Фрунзенскага РУУС Алега Гайдукевіча, трэба дачакацца вынікаў службовага правярання. «Калі пацвердзіцца тое, што я прачытаў у інтэрнэце, вядома, гэта трэба самым жорсткім чынам караць, аж да нейкай адказнасці, той, што прадугледжваецца законам».

{movie}Алег Гайдукевіч пра катаванні ў міліцыі|left|7626{/movie}Былы міліцыянт адразу папярэдзіў, што ні ў якім выпадку нельга дзяліць грамадзянаў на тых, хто працуе ў органах, і астатніх. Гэта, на ягоную думку, прывядзе да расколу ў грамадстве. Апрача гэтага, нельга казаць, што ўсе праваахоўныя органы агулам кепскія. «90 % працаўнікоў – сумленныя, прыстойныя людзі… Міліцыя – гэта зрэз беларускага грамадства. Гэта не іншапланетоўцы, яны не прыехалі з Літвы, яны не прыехалі з Латвіі, яны не прыехалі з Расеі. … А тое, што хтосьці мог учыніць злачынства, – такое бывае».

Гайдукевіч запэўніў, што па кожным выпадку вінаватых прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. Прычым міліцыянтам, паводле яго, даюць максімальныя тэрміны. Тое, што адбылося ў сталічным пастарунку, ён тлумачыць паслабленнем кантролю з боку кіраўніцтва. І тут жа ўзгадвае, што начальнік Ленінскага РУУС – «найпрыстойнейшы чалавек, прафесіянал».

Алег Гайдукевіч дадаў, што сам змагаўся з рукапрыкладствам у міліцыі, калі «займаў кіроўныя пасады».

belsat.eu

Стужка навінаў