У Чэхіі паўстане Беларускі дом


Беларускія арганізацыі, зарэгістраваныя ў Чэхіі, плануюць стварыць Беларускі дом у Празе. Пра гэта заявіў экс-кандыдат на прэзідэнта Беларусі Алесь Міхалевіч.

Ідэю падтрымалі шэсць беларускіх арганізацыяў: асацыяцыя «За мадэрнізацыю», рух салідарнасці «Разам», міжнародны цэнтр грамадскіх ініцыятываў «Наш дом», аб’яднанне «Пагоня», Беларускі форум у Празе «Адраджэнне» і Беларускі гостэл у Празе, а таксама прадстаўнікі МЗС Чэхіі ды праваабарончай арганізацыі «Чалавек у нядолі». З нагоды стварэння чарговага Беларускага дому, у чэшскай сталіцы адбылося адмысловае паседжанне.

Мяркуецца, што Беларускі дом у Празе зможа выконваць функцыю «альтэрнатыўнага пасольства Беларусі», а таксама стаць праваабарончым і інфармацыйным цэнтрам для беларусаў у Чэхіі.

Акрамя таго, паводле Міхалевіча, удзельнікі паседжання абмеркавалі акцыі салідарнасці, якія плануецца правесці 19 снежня – на другую гадавіну разгону мірнай дэманстрацыі ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. «Гэта будуць інфармацыйныя пікеты, выставы, прэс-канферэнцыі. Плануецца, што ўсё гэта будзе праводзіцца напярэдадні і непасрэдна 19 снежня», – паведаміў Міхалевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў