Развязанне «растваральнага» пытання знойдзенае?


Міністэрства фінансаў Беларусі плануе ўвесці мінулаю датаю, з 1 студзеня гэтага года, унутраную экспартную мыту на нафтапрадукты, паведаміў прадстаўнік Мазырскага НПЗ агенцтву «Интерфакс-Запад».

Відавочна, каб падкрэсліць значнасць гэтага дакументу, яго тэрмін дзеяння будзе абмежаваны 2012 г. Магчыма, гэткім чынам Беларусь плануе расплаціцца за шэры экспарт нафтапрадуктаў з расейскай нафты. Аднак хто заплоціць за памылкі кіраўніцтва краіны?

Паводле суразмоўцы інфармацыйнага агенцтва, кошты «павесяць» на айчынныя НПЗ. Мыта вылічваецца з памеру вырабленых і экспартаваных нафтапрадуктаў і складае каля $ 20 за тону. У выніку за 9 месяцаў агульная сума можа скласці $ 282 млн. Пазней будуць далічаныя мыты за апошнія тры месяцы 2012 г.

Крыніца агенцтва «Интерфакс-Запад» падкрэслівае, што гэткае рашэнне выкліча незадавальненне ў расейскіх акцыянераў беларускіх НПЗ: «Калі гэты дакумент будзе прыняты, з боку «Славнафты» могуць быць прынятыя не вельмі прыемныя для дзяржавы дзеянні».

Цяжка было абраць горшы час для рэалізацыі такога рашэння. Як стала вядома ўчора, беларуска-расейскія перамовы пра пастаўкі нафты на наступны год скончыліся паразаю Менску. У выніку Беларусь атрымае толькі 18 млн тонаў расейскай нафты замест жаданых 23 млн. Тым часам урад усцяж мае надзею на аднаўленне дыялогу і павелічэнне паставак нафты.

Але нават гэткія мыты пакрыюць толькі малую частку расейскіх стратаў. Як паведаміў на мінулым тыдні міністр энергетыкі Расейскай Федэрацыі Аляксандр Новак, гаворка можа ісці нават пра $ 2,5 млрд.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары