У Польшчы раскрылі спробу тэрарыстычнага акту.


Мэтамі тэрарыста меліся стаць прэзідэнт, прэм’ер-міністр і ўрад. Злачынец планаваў падарваць будынак Сейму ў час, калі там будзе адбывацца паседжанне ў справе бюджэту на новы год. Сёння стала вядома, што галоўнага арганізатара тэракту затрымалі яшчэ 9 лістапада. Гэта 45-гадовы выкладчык Кракаўскага аграрнага ўніверсітэту. Вядома, што падазраваны дзеяў не адзін і спрабаваў стварыць збройную групу. За ўзор няўдалы тэрарыст лічыў Андэрса Брэйвіка і кіраваўся рэлігійнаю нецярпімасцю і антысеміцкімі поглядамі. Сучасныя ўлады Польшчы падазраваны называе “чужымі”. Яму пагражае да пяці гадоў турмы.

Палкоўнік спецназу ў адстаўцы Уладзімір Барадач віншуе польскія спецслужбы з удалаю аперацыяй: перадухіленне тэракту – рэдкі поспех.

“Супраць іх працавала добра фінансаваная група, якая не толькі рыхтавала выбухоўку, але і праводзіла шэраг канспіратыўных захадаў. Шмат якія спецслужбы, у тым ліку нашыя, што не здолелі перадухіліць тэракт у менскім метро, маглі б павучыцца ў польскіх калегаў”, – кажа Барадач.

Аднак нягледзячы на гэткі поспех нельга сцвердзіць, што не будзе другой спробы. Паводле адмыслоўца, сёння тэрарысты валодаюць найноўшымі тэхнічнымі сродкамі ды часта не абмежаваныя грашыма.

“Гэта праблема сусветнага грамадства, і кіраўнікі краінаў нясуць асабістую адказнасць за тэрарыстычную сітуацыю ў краіне. Негатыўны прыклад – кіраўніцтва Расеі, якое прывяло да пашырэння тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Расеі з вялізарнаю колькасцю ахвяраў”, – кажа Уладзімір Барадач.

Эксперт падкрэслівае, што выпадкі тэрарыстаў-адзіночак вельмі рэдкія, і ў большасці выпадкаў яны фінансуюцца або натхняюцца канкрэтнымі асобамі.

belsat.eu

Стужка навінаў