Марына Адамовіч: Мы не разлічвалі на амністыю


«Завяршаецца амністыя, на якую шмат хто ўскладаў спадзяванні. Мы нават атрымлівалі віншаванні, маўляў, неўзабаве Мікола будзе дома… Але нават на самым пачатку амністыі было зразумела, што палітвязняў адмыслова выключылі з працэсу разгляду. Я ніколі на гэтую амністыю не спадзявалася», – заявіла ў інтэрв’ю «Белсату» Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча.

Яшчэ перад пачаткам амністыі большасць палітвязняў пачала атрымліваць папярэджанні ад адміністрацыяў вязніц з надуманых прычынаў. У тым ліку і Мікалай Статкевіч, якога прызналі заўзятым парушальнікам рэжыму ды асобаю, схільнаю да ўцёкаў і непадпарадкавання. У самім законе аб амністыі было асобнае палажэнне пра тое, што ўдзельнікі ды арганізатары масавых закалотаў не могуць разлічваць на ранейшае вызваленне.

Статкевіч не скардзіцца{movie}Марына Адамовіч: Статкевіча перавялі ў іншую камеру|right|7602{/movie}

За апошні тыдзень Марына Адамовіч атрымала ад свайго мужа два лісты, а яшчэ Міколу Статкевічу дазволілі затэлефанаваць дадому. «Ён патэлефанаваў 17 лістапада, ягоны голас такі ж, як і раней, – бадзёры, упэўнены, аптымістычны. Ён распавёў пра тое, што ў яго палепшыліся ўмовы, нягледзячы на тое, што ён па-ранейшаму ў следчым ізалятары. Яго перавялі ў іншую камеру; паводле Міколы, яна здаецца крыху большаю і святлейшаю», – гаворыць жонка палітвязня.

Дагэтуль Міколу Статкевіча ўтрымлівалі ў падобнай, але халаднейшай камеры. Паводле Марыны Адамовіч, вязень заўважае, што «прыкметна змянілася сітуацыя ў турме»: цяпер адміністрацыя імкнецца захоўваць нормы закону, а таксама палепшылася якасць хлеба.

Ізаляцыя працягваецца

{movie}Марына Адамовіч: Чаму Статкевіча трымаюць у СІЗА?|left|7601{/movie}Мікалай Статкевіч застаецца апошнім экс-кандыдатам на прэзідэнта, якога трымаюць за кратамі. Ён і надалей адмаўляецца напісаць прашэнне аб памілаванні. Утрымліваюць Статкевіча вось ужо амаль год у следчым ізалятары, хоць гэта незаконна. Гэткім чынам, на думку Адамовіч, адміністрацыя турмы імкнецца ізаляваць палітыка ад іншых вязняў.

«Гэтым вельмі груба парушаецца заканадаўства, бо ў следчым ізалятары асуджаныя вязні могуць быць пакінутыя паводле іх уласнай заявы і з пісьмовай згоды начальніка – зняволеныя з тэрмінамі да 5 гадоў для выканання працаў па абслугоўванні ізалятара, – гаворыць Марына Адамовіч. – У нашым выпадку гэта не мае дачынення да Міколы. Гэта вельмі красамоўнае жаданне не дазволіць нават фантастычнага, як у фільмах, перастуквання, абменьвання інфармацыяй з іншымі вязнямі».

У траўні 2011 года суд Ленінскага раёна Менску прысудзіў Статкевіча да 6 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Палітык адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 года яму стварылі больш жорсткія ўмовы ўтрымання, перавёўшы ў следчы ізалятар Магілёва.

belsat.eu

Стужка навінаў