Палітолаг: Беларусь мусіць вярнуцца да народных рухаў узору 1980-х


Паводле эксперта, цяпер апазіцыя адарваная ад іншай часткі дэмакратычнага грамадства.

Палітолаг Андрэй Ягораў з Цэнтру гуманітарных тэхналогіяў мяркуе, што арышт лідараў перашкаджае апазіцыі асэнсаваць свае памылкі.

“На сённяшні дзень існуюць шмат бар’ераў унутры незалежнай супольнасці, якая не мае адзінай стратэгіі дзеянняў. Перашкодай гэтаму ў значнай ступені ёсць наяўнасць традыцыйнай палітычнай апазіцыі, якая не рэінтэгруецца з астатняю часткаю незалежнага грамадства, бо мае неадэкватнае ўяўленне пра працэсы, якія адбываюцца ўнутры дэмакратычнай супольнасці і ў краіне наогул”, – кажа эксперт.

Паводле яго, апошнія падзеі зрабілі з апазіцыйных лідараў герояў, а гэта перашкаджае крытычнаму погляду на іхныя дзеянні падчас прэзідэнцкай кампаніі. Андрэй Ягораў кажа, што пры вялікай ступені віны рэжыму, пэўную адказнасць за тое, што адбылося, нясуць і дэмакратычныя лідары. Апошнія не мелі адэкватнай стратэгіі дзеянняў, таму яны не змаглі кіраваць натоўпам, гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў акцыі пратэсту і спыніць правакацыі.

Памылкаю традыцыйнай апазіцыі эксперт называе “палітыку бессэнсоўнай барацьбы” і адарванасць ад іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Гэта перашкаджае перамовам з незалежным грамадствам і выпрацоўванню адзінай стратэгіі. Каб гэтага пазбегчы, трэба стварыць адзіны дэмакратычны рух, які б уключыў розных суб’ектаў: ад палітычных партыяў да прафсаюзаў і грамадскіх арганізацыяў.

“Не трэба думаць, што такога кшталту рух можа быць створаны як адзіная арганізацыя, – тлумачыць палітолаг. – Дэмакратычны рух – гэта рух розных суб’ектаў, іх можа аб’ядноўваць агульная стратэгія, ён не можа мець фармальна прызначаных лідараў, якія кіруюць гэтым працэсам. Мы мусім вярнуцца да часоў народных рухаў канца 1980-х, якія ставілі мэты не толькі палітычнага характару, але і культурных, сацыяльных, эканамічных пераўтварэнняў”.

belsat.eu
https://youtu.be/4NtNueY_0m8

Глядзі таксама
Каментары