Жытло ў Беларусі наступныя паўгода будзе даражэць


Да вясны наступнага года кошты на нерухомасць будуць расці. Такі прагноз зрабілі эксперты рынку нерухомасці на прэс-канферэнцыі 20 лістапада ў Менску.

“Апошнія месяцы назіраецца рост попыту на рынку нерухомасці. У сувязі з гэтым назіраецца і рост коштаў: на 150 долараў за квадратны метр даражэйшы, чым улетку гэтага года”, – адзначыў начальнік аддзелу маркетынгу і прававога забеспячэння ўгодаў з нерухомасцю СТАА “Лада ОМС-Інжынірынг” Антон Дзельбін. На ягоную думку, такая тэндэнцыя захаваецца да вясны наступнага года.

“Цяпер ідзе дастаткова высокі рост попыту на долевае будаўніцтва і на другасным рынку нерухомасці”, – адзначыла агент у аперацыях з нерухомасцю агенцтва нерухомасці “Рыэлт Хауз” Марына Чарвоная.

Яна таксама адзначыла, што на рынак паўплывае рашэнне “Беларусбанку” прыпыніць выдаванне крэдытаў на набыццё другаснага жытла. “Гэта значыць, што пакупнікам, якія хочуць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, застаецца толькі ўдзельнічаць у долевым будаўніцтве. У сваю чаргу гэта азначае, што попыт яшчэ больш вырасце, і падымуцца, хутчэй за ўсё, кошты. На другасны рынак попыт знізіцца, бо ў большасці не будзе крэдытных грашовых сродкаў, каб яго набываць. Я думаю, што такая тэндэнцыя працягнецца да канца вясны, рост коштаў будзе”, – мяркуе эксперт.

Першы намеснік дырэктара ЗП “Гербелінвест” Валерый Фрэйтак паведаміў, што пераход на еўрастандарты ў будаўніцтве ў Беларусі, якія з наступнага года плануюць увесці ўлады Беларусі, пацягне для забудоўнікаў павелічэнне затратаў.

“Мы разумеем, што пераход на еўрастандарты запатрабуе дадатковых фінансавых затратаў і выдаткаў”, – сказаў ён. “Гэта звязана з тым, што існуе розніца паміж беларускімі ды еўрапейскімі нормамі. Мы гэта бачылі на літоўскіх заводах, на якіх для нас прадукцыю выраблялі паводле адных стандартаў, для Еўропы – паводле іншых, у іх і супраціў цеплаперадачы вышэйшы”, – адзначыў адмысловец.

Пры гэтым эксперт лічыць, што гэтае пытанне звязанае з пакупніцкаю здольнасцю спажыўцоў. “Мы будуем пераважна жытло тыповых спажывецкіх якасцяў, бо разумеем, што кошт пытання высокі”, – адзначыў Фрэйтак.

На ягоную думку, трэба прыняць у пэўны момант рашэнне: пераходзіць на еўрапейскія стандарты “з істотным падаражаннем, разумеючы, што платаздольнасць насельніцтва павялічылася, або застацца на ранейшых пазіцыях”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што вырашэнне гэтага пытання ў кампетэнцыі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

belsat.eu

Стужка навінаў