Бяляцкі атрымлівае лісты з замежжа і збірае фальклор


Працаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка атрымала ліст ад зняволенага кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага.

“Піша, што нічога асаблівага не адбываецца, але цяпер няма такіх праблемаў з карэспандэнцыяй, якія былі не так даўно. Прыходзіць шмат віншаванняў з юбілеем – нават з іншых краінаў на замежных мовах прапускаюць”, – паведаміла яна “Белсату”.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі 25 верасня адсвяткаваў народзіны – 50 гадоў. “Напісаў і пра наступствы амністыі: колькасць асобаў у атрадзе скарацілася амаль у два разы, цяпер там менш за сто чалавек. “Верхнія шконкі багата ў якіх секцыях пустыя. Так што, раптам што – усім месца хопіць”, – цытуе Наста Лойка палітвязня.

“Відаць, што ў Алеся дастаткова добры настрой, і ён трымаецца нягледзячы на цяжкія ўмовы з боку адміністрацыі – пэўную ізаляцыю ад іншых зняволеных. Ён працуе восем гадзінаў на дзень, але паспявае і іншыя справы зрабіць: чытае, займаецца самаадукацыяй, піша нарысы і адказвае на лісты”, – працягвае праваабаронца.

Апрача таго, у вязніцы Алесь Бяляцкі… збірае фальклор. “Тут жывыя людзі, і слова якое самавітае народнае можна пачуць. Вось, напрыклад, нядаўна пачуў ад чалавека, які хацеў сказаць, што справа сур’ёзная: “Гэта табе не цацкі-пэцкі!” Вось як трапна сказаў!” – зачытвае Наста Лойка ліст палітвязня.

belsat.eu

Стужка навінаў