Польскі аматар Брэйвіка хацеў забіць прэзідэнта і ўзарваць парламент (Дадалося відэа)


Служба бяспекі Польшчы затрымала мужчыну, якога падазраюць у рыхтаванні тэракту супраць кіраўніцтва краіны.

Ён хацеў замацаваць бомбы ў аўтамабілях. Следства кажа, што мужчына абапіраўся на прыклад Андэрса Брэйвіка і амерыканскіх тэрарыстаў, якія ў 1995 г. забілі больш за 168 чалавек у Аклахоме.

Планаваў тэракт падчас разгляду праекту бюджэта

Падазраванага затрымалі 9 лістапада. Паведамляецца, што ні з якою палітычнаю партыяй або рухам ён не звязаны. Навуковец, працаваў у Аграрным універсітэце і меў доступ да хімічных сродкаў, з якіх можна зрабіць выбуховую прыладу. Мужчына планаваў тэракт падчас пасяджання парламенту, хутчэй за ўсё таго, на якім мелі разглядаць бюджэт.

Следчыя таксама не выключаюць, што выбух мог адбыцца падчас святкавання Дня Незалежнасці 11 лістапада, але пакуль пацверджанняў гэтай версіі няма.

{movie}Тэракт супраць польскага ўраду: пробныя выбухі |right|7595{/movie}Трэнаваўся ладзіць выбухі

У выніку ператрусаў праваахоўнікі знайшлі выбуховыя рэчывы (гексаген, пентрыт, трынітраталуол, порах) і прадметы, з якіх можна сканструяваць бомбу (напрыклад, кнаты). Апрача гэтага выяўлены каля 10 адзінак зброі і боепрыпасаў, больш за тысячу набояў, кулеадпорная вопратка.

Служба бяспекі сцвярджае, што сачыла за падазраваным ужо з канца 2011 г. Паводле кракаўскай пракуратуры, падазраваны трэніраваўся перад тэрактам, арганізуючы выбухі на адкрытых пляцоўках ў розных кутках польшчы. Дзеля гэтага ён выкарыстаў 250 кг выбухоўкі. У дзень жа атакі ён збіраўся высадзіць у паветра 4 тоны.

Кола падазраваных расце

Спачатку мужчына не прызнаваў віны, але пасля пачаў прызнавацца ў асобных эпізодах. Паводле пракуратуры, ён сказаў, што ім кіраваў нацыяналізм, ксенафобія, антысемітызм і нянавісць да ўладаў. Але дзейнічаў ён не з уласнай волі, а пад кіраўніцтвам іншых асобаў.

Вышэйшае кіраўніцтва краінаю ён акрысліваў словам “чужыя”. У ягоным разуменні яны – не сапраўдныя палякі і нясуць адказнасць за тое, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне рухаецца ў няправільным кірунку.

Паводле следства, разам з падазраваным у “трэніроўках” удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі. Апрача галоўнага фігуранта справы затрыманы яшчэ дзве асобы.

belsat.eu па матэрыялах tvn24.pl i tvp.pl

Стужка навінаў