Мэр Лондану прапагандуе «судовы турызм»


Мэр Лондану Боўрыс Джонсан заклікаў расейскіх алігархаў падаваць пазовы адзін да аднаго менавіта ў брытанскай сталіцы, выступіўшы ў іранічным стылі супраць намеру ўраду краіны выкараніць так званы “судовы турызм” (ад англ. libel tourism) – практыку разгляду спрэчак двух нерэзідэнтаў у брытанскіх судах. Пра гэта паведамляе “Интерфакс-Запад” са спасылкаю на агенцтва “Bloomberg”.

Боўрыс Джонсан. Фота www.london.gov.ukБоўрыс Джонсан. Фота www.london.gov.uk“Калі нейкі алігарх адчувае, што іншы яго абразіў, менавіта лонданскія адвакаты пральюць бальзам яму на душу, – заявіў Джонсан на штогадовай канферэнцыі Канфедэрацыі брытанскай прамысловасці, якая прайшла ў Лондане ў панядзелак. – Мне не сорамна сказаць падманутым жонкам мільярдэраў усяго свету: калі вы марыце абадраць яго як ліпку, абдзярыце яго як ліпку ў Лондане, бо лонданскія адмыслоўцы абдзірання ліпак будуць удзячныя вам за магчымасць папрацаваць”.

Палата лордаў разглядае так званы Біль аб дыфамацыі – законапраект, які прадугледжвае некаторыя абмежаванні на падаванне пазову адным нерэзідэнтам супраць іншага ў брытанскім судзе. Калі верхняя палата брытанскага парламенту ўхваліць законапраект, нерэзідэнтам давядзецца даводзіць, што справу трэба разглядаць у брытанскім судзе, бо той найлепш пасуе для яе разгляду, а не проста таму, што шанцы выйграць справу ў Вялікай Брытаніі вышэйшыя, чым дзе-небудзь яшчэ.

У сакавіку мінулага года, калі законапраект ўносіўся ў парламент, тагачасны міністр юстыцыі Кенэт Кларк заяўляў, што біль скіраваны, сярод іншага, супраць практыкі разгляду ў брытанскіх судах пазоваў амерыканскіх грамадзянаў супраць публікацыяў у амерыканскай жа прэсе.

Джонсан у сваю чаргу заявіў, што такія пазовы, звязаныя з “марнаваннем грошай”, горача вітаюцца ў брытанскай сталіцы. Грошы, выдаткаваныя пазоўнікамі ды адказчыкамі, заявіў мэр Лондану, маглі б апынуцца “ў кішэнях кухараў, афіцыянтаў, парцье, прыбіральшчыкаў, нянек, выхавальнікаў, актораў і ароматэрапеўтаў – і дапамагчы тым самым эканоміцы і даць кавалак хлеба самым бедным і працавітым сем’ям гораду”.

belsat.eu

Стужка навінаў