ФБР рассакрэціла дасье дачкі Сталіна


Амерыканскае Федэральнае бюро расследаванняў рассакрэціла частку дакументаў, якія датычаць дачкі Іосіфа Сталіна Святланы Алілуевай, якая збегла ў ЗША ў 1967 г.

Грыф “Сакрэтна” знялі з 233 старонак, 94 застаюцца засакрэчаныя. Даступнаю для грамадскасці зрабілі частку дасье, што складаецца пераважна з газетных артыкулаў і агентурных данясенняў. Іх мэта – высветліць, наколькі ўцёкі дачкі Сталіна паўплывалі на дачыненні дзвюх дзяржаваў, а таксама на эміграцыю іншых грамадзянаў з краінаў сацлагеру.

Баялася савецкіх шпіёнаў

Адзіная дачка Іосіфа Сталіна Святлана Алілуева нарадзілася ў 1926 г. Скончыўшы гістарычны факультэт МДУ, яна працавала ў Інстытуце сусветнай літаратуры. У 1967 г. падчас паездкі ў Індыю Алілуева адмовілася вяртацца ў СССР, пасля чаго з’ехала жыць у ЗША, пакінуўшы на радзіме дваіх дзяцей.

Святлана Алілуева, якая стала ў ЗША Ланаю Пітэрз, паводле прозвішча свайго трэцяга мужа, баялася, што за ёю будзе сачыць КДБ. У рассакрэчаных дакументах няма доказаў, што яе пераследавалі савецкія спецслужбы. А наконт таго, як уцёкі дачкі дыктатара ўспрынялі на радзіме, падаюць супрацьлеглыя звесткі.

Адзін агент ФБР пасля сустрэчы амбасадзе СССР у Вашынгтоне пісаў, што стаўленне савецкага ўраду негатыўнае праз боязь, што ЗША выкарыстаюць гучны выпадак у сваёй прапагандзе. Учынак Алілуевай можа “разбурыць дачыненні паміж дзвюма краінамі”, заявіў дыпламат. Іншая крыніца паведамляла, што савецкі ўрад заняты развянчаннем культу Сталіна, таму спакойна паставіўся да ўцёкаў ягонай дачкі, бо гэта “дыскрэдытуе імя самога Сталіна і чальцоў ягонай сям’і”.

Зарабіла на аўтабіяграфіі $ 2,5 млн

Між іншага, Вашынгтон спрабаваў уладкаваць Алілуеву ў Швейцарыі, бо ўспрымаў яе як непатрэбны цяжар для савецка-амерыканскіх стасункаў. Даць ёй палітычны прытулак улады пераканаў былы амбасадар ЗША ў Маскве Джордж Кенан. Дачка Сталіна дала прэс-канферэнцыю проста ў аэрапорце Нью-Ёрку, на якой кляйміла савецкі рэжым.

Праз некалькі месяцаў пасля ўцёкаў Святлана Алілуева выдала ў ЗША аўтабіяграфію “Дваццаць лістоў да сябра”, якая стала бестселерам. За права надрукаваць урыўкі з яе змагаліся 50 выдавецтваў. Аўтарка атрымала каласальны паводле тых часоў аванс – $ 2,5 млн. Вялікую частку гэтых грошай яна аддала на дабрачыннасць, у тым ліку – на падтрыманне расейскай культуры за акіянам.

Вярнулася ў СССР, але жыць у ім не змагла

У людзей, якія мелі з ёю дачыненне, засталіся неадназначныя ўспаміны. Шмат хто згадваў пра цяжкі характар і дыяметральна супрацьлеглыя выказванні пра бацьку.

Алілуеву пазбавілі савецкага грамадзянства, і на радзіму яна змагла вярнуцца толькі ў 1984 г. Але жыць у Савецкім Саюзе яна так і не змагла і ў 1986-м пакінула СССР другі – і апошні раз. Апошнія гады жыцця дачка Сталіна правяла ў доме састарэлых у штаце Вісконсін, вышываючы і чытаючы мастацкую літаратуру. Яна памерла ва ўзросце 85 гадоў 22 лістапада 2011 г.

belsat.eu паводле http://www.bbc.co.uk

Стужка навінаў