Амаль палову тых, хто прэтэндаваў на амністыю, не вызвалілі


Палітвязні да іх не адносіліся.

У Беларусі заканчваецца амністыя, прымеркаваная да афіцыйнага Дня Незалежнасці, які святкуюць 3 ліпеня. Агулам пад амністыю падпадалі 15 068 чалавек, паведамляе “Интерфакс-Запад”. Амаль тысяча з іх так і не дачакалася разгляду пытання. Сярод тых, чые справы разгледзелі (14 155 асуджаных), адмову атрымалі 43 % (6162 чалавекі).

У выніку з установаў закрытага тыпу выпусцілі 2671 вязня. 5322 зняволеным скарацілі тэрмін на год.

Паводле законапраекту аб амністыі, ухваленага парламентам у чэрвені, пад яе падпадалі няпоўнагадовыя, цяжарныя, пенсіянеры, інваліды, ветэраны баявых дзеянняў і яшчэ некалькі катэгорыяў грамадзянаў, у тым ліку асуджаныя за некаторыя эканамічныя злачынствы (пры ўмове, што яны кампенсавалі страты).

Напярэдадні прыняцця законапраекту дэмакратычная супольнасць спадзявалася, што яна распаўсюдзіцца на палітвязняў. Але гэтага не адбылося. Усе 12 асуджаных па палітычных матывах застаюцца за кратамі.

belsat.eu

Стужка навінаў