Гомельца затрымалі на мяжы за мядзведзіка


Станіслава Яленскага з Гомля падчас вяртання з Украіны спынілі беларускія памежнікі на пераходзе «Новая Гута» для пільнага дагляду.

Памежнікаў насцярожыла аплікацыя на заднім шкле аўта – мядзведзік з парашутам, які трымае ў лапах цыдулку «Привет ПВО!», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Станіслаў Яленскі адзначыў, што да тавараў, якія ён вёз з Чарнігава, памежнікі не мелі ніякіх прэтэнзіяў. На пытанне, што азначае аплікацыя з мядзведзікам, гамяльчук жартаўліва адказаў: «Я з’яўляюся добраахвотным памочнікам памежнікаў па выяўленні нізка лятаючых самалётаў і пры частым перасячэнні мяжы падчас стаяння ў чэргах сачу за паветранаю прастораю, каб вораг не пранік на нашую тэрыторыю».

Тлумачэнні, аднак, не спадабаліся працаўнікам памежнай службы. У выніку аўтамабіль жыхара Гомля адагналі ў іншае месца для высвятлення сітуацыі. А высвятленне звялося да таго, што памежнікі ўва ўсіх ракурсах сфатаграфавалі мядзведзіка на шыбе аўтамабіля.

«Я казаў, што, маўляў, сфатаграфуйце і мяне з маім мішкам – гэта ж я яго прыручыў, але памежнікі адмовіліся», – распавёў кіроўца. Пасля фатаграфавання гомельца адпусцілі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары