За стырном аўтамабіля быў 32-гадовы бацька маленькага дзіцяці. Хлопчык цудам выжыў у аўтакатастрофе.
Трое беларусаў загінулі ў аўтамабільнай аварыі, што здарылася 18 лістапада каля 4 гадзіны раніцы непадалёк гораду Лодзь у цэнтральнай Польшчы. Легкавы аўтамабіль маркі «Субару» пры з’ездзе з аўтастрады на хуткасці ўрэзаўся ў ахоўную агароджу. З аўтамабіля падчас удару выпаў двухгадовы хлопчык, якога з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі даставілі ў рэанімацыю шпіталю ў Лодзі. Лекары акрэслілі стан дзіцяці як крытычны.
У аварыі загінулі бацькі хлопчыка ды іхны прыяцель. Як паведамляе ваяводскі аддзел паліцыі ў Лодзі, целы загінулых вельмі моцна абгарэлі. Польскія кіроўцы, якія спыніліся на шашы, не маглі справіцца з агнём, што ахапіў «Субару». Большы вогнетушыльнік аказаўся толькі ў цяжкавіку, які па нейкім часе пад’ехаў да месца аварыі.
На падставе пашкоджаных дакументаў удалося высветліць, што пацярпелыя былі зарэгістраваныя ў Менску. Паводле звестак польскай паліцыі, аўтамабілем кіраваў 32-гадовы мужчына, бацька дзіцяці, якое выпала з легкавіка. Спераду на пасажырскім месцы сядзеў 34-гадовы мужчына, сябар кіроўцы, якому, імаверна, належала аўта. На заднім пасажырскім седале была 32-гадовая жонка кіроўцы. Паводле неафіцыйных звестак, беларусы накіроўваліся на працу ў Нямеччыну.
Паліцыя падкрэслівае: аварыя магла адбыцца праз тое, што кіроўца заснуў, бо ніякіх слядоў тармажэння не выявілі.
Цяпер у лодзінскім шпіталі траўмаванага хлопчыка даглядае бабуля, якая тэрмінова прыехала з Беларусі.
belsat.eu