Лукашэнка: Пры Зайцаву ў КДБ была нездаровая абстаноўка


Сёння кіраўнік краіны прэзентаваў чэкістам новага кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка.

Паводле Лукашэнкі, прычынаю адстаўкі Вадзіма Зайцава стала “нездаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка, якая склалася ў асобных установах КДБ. Яна выкліканая недахопамі ў арганізацыі як кадравай, так і ідэалагічнай працы, а таксама перакосамі пры гарантаванні асабістай бяспекі”, – цытуе Лукашэнку БелТА.

Зайцаў у квадраце

Акрамя гэтага Лукашэнка паведаміў, што змена кіраўніцтва ёсць крокам насустрач настроям сярэдняга і ніжэйшага звяна працаўнікоў КДБ.

“Я іхны голас пачуў. Магу сказаць, ваш голас пачуты. Але па-мужчынску хачу вас папярэдзіць, што да вас прыйшоў кіраўнік “Зайцаў у квадраце”, але без лішніх заносаў, без галавацяпства, чалавек, скіраваны на прафесіяналізм, адзін з нешматлікіх, хто жалезабетонна ведае, чаго хоча прэзідэнт ад КДБ”, – сказаў Лукашэнка пра Вакульчыка.

Кіраўнік Беларусі наказаў чэкістам “бязлітасна змагацца” з шматлікімі праціўнікамі, аднак разам з гэтым папрасіў не бачыць ворага ў кожным.

Сыходзяць з КДБ? Хай сыходзяць!

Лукашэнка нагадаў, што для чэкістаў створаныя самыя спрыяльныя ўмовы працы. Аднак і ў КДБ, як і ў кожным калектыве, “ёсць людзі, што хацелі б больш вольна сябе пачуваць, не хадзіць на працу, забываючыся пры гэтым, што на плячах пагоны. Вось тым і трэба шукаць іншую працу. Не бойцеся, што ад вас кудысьці пойдуць людзі. Хай сыходзяць. Хай іх будзе не 12 тысячаў, не 10 і нават не шэсць тысячаў чалавек. Хай іх застанецца тры тысячы, але гэта будуць адданыя дзяржаве людзі. З такімі Вакульчык будзе працаваць, а рэшта хай ідзе куды хоча”, – дазволіў кіраўнік краіны.

Лукашэнка нагадаў, што менавіта дзякуючы КДБ ён здолеў утрымаць краіну, “каб яе на кавалкі не парэзалі ды не расцягнулі”.

belsat.eu

Стужка навінаў