Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі ў сектары Газа


Падобна, як і ўзімку 2008–2009 гг., танкі, артылерыя і пяхота групуюцца каля мяжы з сектарам Газа. Тэль-Авіў мабілізаваў 75 тысячаў рэзервістаў для гэтай аперацыі.

Эскалацыя канфлікту стала вынікам маштабнай аперацыі ізраільскіх войскаў супраць палестынскага “Хамасу”. У адказ на абстрэл больш як ста ракетамі з тэрыторыі сектару Газа ізраільскія войскі знішчылі кіраўніка ваеннага крыла “Хамасу” Ахмэда аль-Джабары.

Ад мінулай серады ў канфлікце загінулі 83 асобы, з якіх 80 – палестынцы. Каля 700 чалавек параненыя. Больш за палову ахвяраў – цывільныя асобы. Тэль-Авіў заяўляе, што папярэджвае пра свае атакі па ваенных аб’ектах “Хамасу”, якія адмыслова расстаўленыя блізу цывільных будынкаў.

Тым часам дыпламатычнае развязанне канфлікту выглядае ўсё менш імаверным. На баку Палестынскай Аўтаноміі – Расея і чальцы Лігі арабскіх дзяржаваў. Егіпет наагул разарваў дыпламатычныя дачыненні з Тэль-Авівам, а прэм’ер гэтай краіны правёў у Газе тры гадзіны, каб асабіста падтрымаць суседзяў і ў ролі своеасаблівага жывога шчыта не дазволіць далейшай эскалацыі.

Ізраіль бачыць магчымасць міру толькі ў выпадку спынення ракетных удараў, палестынскі бок патрабуе адмены блакады сектару Газа, што ўтрымліваецца з 2007 г. пасля таго, як “Хамас” узяў тэрыторыю пад кантроль. Ад нядаўняга часу ракеты “Хамасу” маюць павялічаную дальнасць палёту і могуць атакаваць не толькі сталіцу Ізраілю, але і Ерусалім.

belsat.eu

Стужка навінаў