Жыхары Бабруйску адрэагавалі на прапанову Бяляцкага


Яны сабралі ды накіравалі ў гарвыканкам подпісы з просьбаю прысвоіць вуліцам імёны рэпрэсаваных пісьменнікаў Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага.

Актывісты дэмакратычных арганізацыяў сабралі 176 подпісаў. Як паведаміла Вольга Піманава, галоўная арганізатарка акцыі, ідэю пераназваць вуліцы падаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які адбывае пакаранне ў бабруйскай турме: “Ён сказаў, што ў нас быў такі Барыс Мікуліч, пісьменнік, рэпрэсаваны, сёлета яму спаўняецца 100 гадоў, і Грахоўскі, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць менавіта ў Бабруйску. Спадар Алесь нагадаў, што 2012-ы – Год кнігі, а таксама 75-годдзя сталінскага тэрору: у 1937-м абодвух пісьменнікаў рэпрэсавалі”.

Піманава распавяла, што калі ўшчыльную занялася зборам матэрыялаў пра пісьменнікаў, аказалася, што вялікую працу ў гэтым кірунку ўжо зрабіла бабруйская бібліятэка № 4. Калектыў гэтай бібліятэкі ўжо некалькі гадоў выступае за тое, каб ёй прысвоілі імя Барыса Мікуліча.

Паводле актывісткі, працаўнікі бібліятэкі звязаліся з жыхарамі паселішча Машукоўка ў Сібіры, дзе памёр беларускі пісьменнік, і актыўна з імі лістуюцца: “Адтуль перадалі шмат матэрыялу пра Мікуліча. Яны даглядаюць магілу беларускага пісьменніка – і дзеці, і грамадскія актывісты”.

“У 2002 г. у Машукоўцы адкрылі надмагілле Барысу Мікуліч. Час, расставіўшы ўсё па сваіх месцах, вярнуў нам сумленнае і незаплямленае імя пісьменніка. Мы памятаем пра вас, Барыс Міхайлавіч…” – напісаў настаўнік гісторыі машукоўскай сярэдняй школы Міхаіл Захарцоў у 2007 г. у газеце “Красноярский рабочий”.

“Памятаюць пра яго людзі там, у Расеі, у Сібіры, а ў нас гэтая тэма нават не ўзнімалася, у нас цішыня”, – зазначыла Піманава. Паводле яе, такая сітуацыя і падштурхнула прадстаўнікоў усіх бабруйскіх дэмакратычных арганізацыяў да рашэння падняць тэму рэпрэсаваных пісьменнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў