Дырэктарку школы “пакаралі” за бесчалавечнасць: зрабілі… завучам


Алу Гарус, вядомую сваім бесчалавечным падыходам да вучняў і настаўнікаў, звольнілі з пасады дырэктаркі менскай школы № 132.

Пра гэта паведамілі ў школьнай прыёмнай: “З нядаўняга часу яна ў нас больш не працуе”. Пра тое, што ў школе пануе невыносная псіхалагічная сітуацыя, у жніўні пісала кампанія “Гавары праўду”. Толькі за апошняе лета з прычыны жахлівых паводзінаў дырэктаркі звольніліся 30 настаўнікаў. Працаўнікі заяўлялі не толькі пра маральнае прыніжэнне, але і пра збіццё. Не менш “увагі” зведалі на сабе і дзеці.

Праз некаторы час пасля публікацыі пайшлі чуткі пра звальненне дырэктаркі. Спачатку Ала Гарус нібыта проста сышла ў адпачынак, распавёў “Белсату” былы вучань школы № 132 Яўген Асіеўскі. Але ў другой палове кастрычнікa на інтэрнэт-форумах сталі з’яўляцца паведамленні працаўнікоў школы пра тое, што пасля восеньскіх вакацыяў Ала Гарус да іх больш не вернецца.

Як высветлілася, з 2 лістапада Ала Гарус працуе ў школе № 151. “Яна намесніца дырэктара па навучальнай працы”, – распавялі там.

Яўген Асіеўскі асабіста звяртаўся ў Фрунзенскі раённы аддзел адукацыі з просьбаю правесці правяранне ў справе Алы Гарус і адлучыць яе ад працы з дзецьмі. Апошняга не адбылося, дый пра вынікі правярання яму ніхто не паведаміў. Але фармальна скандальную дырэктарку ўсё ж панізілі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары