Хатнія роды: альтэрнатыва радзільням ці непатрэбная рызыка?


Беларускія жанчыны не толькі актыўна абмяркоўваюць перспектывы хатніх родаў на інтэрнэт-форумах, але часам і выбіраюць такую даволі рызыкоўную практыку. Не палохае і юрыдычны аспект: пасля родаў не ва ўмовах медычнай установы складана атрымаць пасведчанне аб нараджэнні, а даказаць паходжанне дзіцяці можна толькі ў судовым парадку.

Маці, якія нараджаюць дома, пазбаўляюцца спецыяльных выплатаў, якія робяцца пры ўмове, што жанчына выконвае прадпісанні лекара. Не ўсе жанчыны атрымліваюць падтрыманне мужа, але, нягледзячы на гэта, адважваюцца на такі крок. Афіцыйнай статыстыкі пра колькасць родаў дома ў Беларусі няма.

Дык хатнія роды – гэта мода ці вяртанне да традыцыяў? Прычыны пашырэння з’явы – светапоглядныя перакананні жанчын ці іх недавер да айчыннай медыцыны?

Святлана С., гісторык з адукацыі ды перакладчыца з прафесіі, свядома вырашыла нараджаць дома і зрабіла гэта. Яна расціць сына Багдана.

– Калі ў Вас узнікла ідэя нараджаць дома і чаму?

– Падчас дэкрэту, пакуль сядзела, знаёмілася з рознымі меркаваннямі, рознымі падыходамі да родаў. Падумала, што гэта будзе найлепшы варыянт у маім выпадку. Адна з прычынаў была ў тым, што мой доктар адразу прапанаваў рабіць кесарава – з маімі фізічнымі памерамі лекары не хацелі брацца за натуральныя роды. А я хацела нараджаць сама. Палічыла, што я ў дастаткова нармальным фізічным стане, што здароўе дазваляе не рабіць з натуральных родаў праблему – так усе нашыя жанчыны раней нараджалі. І зрабіла свой асэнсаваны выбар. У нас цяпер стаўленне да цяжарнасці і родаў, як да хваробы, а не як да натуральнага стану жанчыны, што нясе ў сабе жыццё.

– А ў чым праяўляецца такое стаўленне «як да хваробы»?

– Самае галоўнае – у нас нараджаюць у шпіталях, а не ў сапраўды спецыялізаваных цэнтрах, як, напрыклад, у заходніх краінах. У такіх цэнтрах ствараюцца спецыяльныя ўмовы для таго, каб жанчына не пачувалася пацыентам у шпіталі, а каб адчувала сябе ў хатніх умовах. У нас жа прыводзяць, кладуць жанчыну і нават робяць ёй некаторыя маніпуляцыі часта без яе дазволу. Шмат якія дактары кажуць, што ў нас усе парадзіхі маюць магчымасць адмовіцца, напрыклад, ад прышчэпак. Аднак жанчына не заўсёды ў тым стане, каб мець магчымасць выказаць згоду або нязгоду. Дактары ў нас любяць агрэсіўна, усёй масай наваліцца і праводзіць сваю палітыку – да чалавека не ставяцца з належнаю павагаю.

– Як у Вас усё адбывалася, як Вы гэта арганізавалі? Якія меры бяспекі ўлічылі?

– Мы з мужам доўга рыхтаваліся – хадзілі на курсы, былі падрыхтаваныя інфармацыйна, набылі неабходныя рэчы, пазнаёміліся з акушэркаю, загадзя ўсё з ёй абмеркавалі, роды адбываліся пад наглядам акушэркі. На вуліцы стаяла машына, да радзільні ў нас ехаць пяць хвілінаў. Увесь час пры родах прысутнічаў муж, прыехаўшы адразу з пачаткам схватак.

– Вашая акушэрка – гэта была жанчына, якая спецыялізуецца на хатніх родах?

– Гэта былі не першыя і не другія такія яе роды, гэта асоба дасведчаная ў гэтым. На жаль, не ўсе беларускія акушэркі такія дасведчаныя.

– Дактары радзільных дамоў лічаць, што пры родах дома цяжка забяспечыць рэанімацыйныя дзеянні, калі яны спатрэбяцца. Ці разумелі Вы рызыкоўнасць?

– Калі што-небудзь ідзе не так, гэта можна заўважыць падчас родаў. Мяркую, што і пры родах у радзільні няма гарантыі, што каманда рэаніматолагаў паспее зрабіць усё неабходнае аператыўна. Я ўнутрана адчувала, што ў мяне ўсё ідзе добра, уся мая цяжарнасць праходзіла нармальна, без ускладненняў, я пачувалася выдатна, падчас родаў таксама. Я разумею, што мы рызыкавалі, але ж гэта тая самая рызыка, калі ісці нараджаць у радзільні.

– Ці можна, на Вашу думку, назваць асноўнаю прычынаю таго, што ўсё больш і больш беларусак выбіраюць хатнія роды, перадузятасць, якая існуе да медыцыны наогул, уяўленні пра кепскую якасць паслугаў, якія прапаноўваюць у радзільні?

– Мяркую, можна. Усе б з радасцю нараджалі ў нармальных умовах інстытуцыйных установаў, але такіх умоваў у іх пакуль няма. Нават у Расеі ўжо ёсць, у нас – няма. У Беларусі нават цяжка дабіцца, каб нараджаць з мужам. І гэтая паслуга заўсёды платная. Няма гарантыяў, што, калі пачнуцца роды, ты з мужам прыедзеш у радзільню і вас пусцяць разам нараджаць. Гэта магчыма, толькі калі ёсць вольныя месцы, і пры ўмове, каб не замінаў іншым парадзіхам.

– Ці нараджалі б Вы дома яшчэ?

– Я нараджала б, калі б склаліся такія ж умовы, як пры першых родах, калі б цяжарнасць была беспраблемная. Вядома, калі ўзнікаюць праблемы, паталогіі, трэба звяртацца да дактароў. Тым, хто збіраецца нараджаць дома, я параіла б усё ўзважыць. І гэта заўсёды выбар сям’і, трэба абавязкова раіцца з мужам, без падтрымання мужа нельга.

Меркаванні экспертаў:

Канстанцін Кузняцоў, лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Рэчыцкай радзільні (Гомельская вобласць):

– З пункту гледжання правоў чалавека, кожная жанчына можа сама вырашаць, дзе ёй нараджаць, ніхто не можа яе прымусіць. Аднак трэба памятаць, што роды – працяглы і цяжкі працэс, які не так і рэдка адбываецца з ускладненнямі, не так і рэдка ёсць неабходнасць рабіць кесарава сячэнне. Часам усё вырашаецца за лічаныя хвіліны, каб выратаваць жыццё парадзіхі або немаўляці. Калі нешта пойдзе не так – дома праблематычна даць гэтаму рады. Сумняюся, што акушэрка з усім можа справіцца. Таму нараджаць трэба ў радзільні.



Жанчыны думаюць, што дома псіхалагічна больш камфортна. Ці наслухаліся розных водгукаў – медыі ствараюць часам наш негатыўны вобраз, дастаткова паглядзець праграму кшталту «Пусть говорят».

Таццяна Валодзіна, загадчыца аддзелу фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук



– У беларускай вёсцы раней нараджалі дома, бо не было іншых варыянтаў. Пры гэтым быў неверагодны працэнт дзіцячай смяротнасці – ці не кожнае другое немаўля памірала. Таму да ідэалізацыі досведу хатніх родаў у традыцыйнай народнай культуры далёка.

У родаў быў выражаны міфалагічны падтэкст – нараджаць дома не значыла, што нараджалі ў хаце. Жанчына ішла ў іншае памяшканне – у лазню, у варыўню, і гэта не з пазіцыяў гігіены. Адасабленне парадзіхі ад астатніх тлумачыцца менавіта міфалагічным падтэкстам. І гэта для ўсіх еўрапейцаў характэрна, не толькі беларусаў: нараджэнне новага чалавека – гэта з’яўленне яго з «таго свету». «Бог да нас чужаземца прыслаў». У звычаях, песнях, роды звязаныя з сімволікаю шляху, дарогі. Адасабленне парадзіхі – гэта шлях за дзіцем.

Жанчына, якая нараджала дома, была падрыхтаваная. Не толькі медычна, але і была ўзброеная арсеналам магічных сродкаў. Да таго ж роды адбываліся ў прысутнасці бабкі-павітухі. Не мамы, не сястры, а чалавека-пасярэдніка. І гэта была не проста ўмелая бабка, а з сімвалічным шлейфам.

Радзільныя дамы таму і прыжыліся, бо не супярэчылі традыцыі, арганічнаму народнаму міфалагічнаму разуменню. У некаторай ступені сучасная радзільня паўтарае шлях: парадзіха туды едзе, там чужыя, яна вяртаецца дадому з дзіцёнкам з сімвалічнага падарожжа.

belsat.eu

Стужка навінаў