Часопісу «ARCHE» паўгода не будзе ў падпісным каталогу «Белпошты»


Рэдакцыя выдання прыняла рашэнне не ўключаць часопіс у паштовы падпісны каталог на першае паўгоддзе 2013 г. Працаўнікі рэдакцыі таксама папрасілі «Белпошту» вярнуць падпісчыкам грошы за другую палову 2012 г.

Рэдакцыя адзначыла, што з верасня адчувае пастаянны ціск, у першую чаргу з боку Дэпартаменту фінансавых расследаванняў (ДФР). Выклікі працаўнікоў рэдакцыі на размовы з дзяржаўнымі службоўцамі, а таксама заблакаваны рахунак «ARCHE» не даюць апублікаваць некалькі падрыхтаваных да друку нумароў – паведамляе рэдакцыя.

Звароты ў ДФР і скаргі ў вышэйшыя інстанцыі з просьбаю разблакаваць рахункі выдання не мелі поспеху.

Рэдакцыя палічыла, што сумленным развязаннем гэтай праблемы перад чытачамі будзе аддаць ім грошы за падпіску на 2012 г. і адмовіцца ад уключэння у падпісны каталог налета.

«Гэтае рашэнне далося нам нялёгка, але яно прынятае, бо іншага выйсця няма. Будзем рэалістамі: пры цяперашніх умовах аднаўленне выхаду папяровай версіі «ARCHE» – справа не некалькіх дзён або тыдняў, а як мінімум некалькіх месяцаў», – гаворыцца ў рэдакцыйнай заяве з гэтай нагоды.

Беларускамоўнае выданне зацікавіла падаткавікаў

Праблемы ў часопісу пачаліся сёлета ў верасні – у Горадні быў затрыманы галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў. Яго звінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і пакаралі грашовым штрафам. Пасля гэтага працаўнікі ДФР прыйшлі ў друкарню, дзе друкаваўся часопіс, і канфіскавалі ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці выдання.

У кастрычніку адбыўся арышт больш як 5 тыс. асобнікаў кніг у Булгакава, а ў падатковую інспекцыю быў выкліканы заснавальнік «ARCHE» Андрэй Дынько. Пасля гэтага было прынятае рашэнне вызваліць Булгакава ад пасады рэдактара «ARCHE», каб выратаваць часопіс. Тым не менш, падатковая заблакавала рахункі часопісу, а працаўнікоў выдання пачалі выклікаць па тэлефоне для давання тлумачэнняў.

Былы галоўны рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў на пачатку лістапада пакінуў Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.

belsat.eu

Стужка навінаў