У гарадзенскай турме Дашкевіч сядзіць у камеры адзін


Зміцер Дашкевіч сустрэўся са сваім адвакатам, паведаміла нявеста палітвязня Наста Палажанка. «У камеры ён сядзіць адзін. Ён ні на што не скардзіцца», – гаворыць Палажанка.

У Дашкевіча ў камеры няма радыёкропкі, «але ёсць магчымасць яе прынесці». «Паводле ўмоваў строгага рэжыму Дашкевічу дазволеная толькі адна бандэроль вагою 2 кг на год, так што ён вымушаны харчавацца тым, што даюць у турме. У мясцовым кіёску ён можа набыць сабе яшчэ што-небудзь, але толькі па заяве, і не больш як на 100 тысяч рублёў за месяц», – сказала Палажанка.

Зміцер Дашкевіч быў затрыманы разам з іншым актывістам «Маладога фронту», Эдуардам Лобавым, у Менску 18 снежня 2010 г. паводле абвінавачання ў збіванні двух мужчынаў. Прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі іх арышт як прэвентыўную захаду для «зачысткі» перад выбарамі. У сакавіку 2011 г. суд прызнаў Дашкевіча вінаватым, прыгаварыўшы яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча палітвязнем.

Спачатку лідар «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным паседжанні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі ды прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі паводле першай крымінальнай справы. Дашкевіча перавялі ў Мазырскую калонію № 20.

30 кастрычніка суд Мазырскага раёну зноў прызнаў Дашкевіча злосным парушальнікам рэжыму і прыняў рашэнне пра перавод яго ў турму. Наста Палажанка сцвярджае, што Дашкевіч фактычна ніяк не мог быць злосным парушальнікам рэжыму, бо адразу пасля прыбыцця ў мазырскую калонію яго змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым – у памяшканне камернага тыпу.

У Гарадзенскай турме № 1, куды даставілі лідара «Маладога фронту», адбывае пакаранне яшчэ адзін палітзняволены, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары