Ці зменіцца Кітай пад кіраўніцтвам сына палітвязня?


Новы генеральны сакратар кампартыі Сі Цзінь Пін будзе кіраваць Кітаем цягам бліжэйшых дзесяці гадоў. Што гэта значыць для вонкавай і ўнутранай палітыкі краіны ды як складуцца яе адносіны з Беларуссю? Пра гэта ў «Гарачым каментары» разважае палітолаг Павел Усаў.

Паводле госця, глыбокіх сістэмных зменаў як ва ўнутранай, так і ў вонкавай палітыцы Кітаю чакаць не варта. Сі Цзінь Пін зрабіў традыцыйную для партыйнай наменклатуры кар’еру. Праўда, ягоны бацька падчас культурнай рэвалюцыі трапіў пад чысткі Маў Цзэ Дуна, і яго выслалі ў вёску на перавыхаванне.

{movie}Павел Усаў у “Гарачым каментары”|left|7526{/movie}Дэмакратычныя краіны спадзяюцца, што чалавек, які на сабе спазнаў ціск палітычнай сістэмы, разумее патрэбу грамадзянскіх свабодаў і дэмакратыі. Павел Усаў заўважае, што Кітаем кіруе не адзін чалавек, а «карпарацыя, партыя, наменклатура; ёсць там групавыя канфлікты паміж рознымі прадстаўнікамі кіроўнай эліты».

Да таго ж палітолаг перакананы, што стаць на шлях пераменаў краіне перашкодзіць «дэмакратычная траўма» 1989 года, калі спроба дэмакратызацыі прывяла да крывавых рэпрэсіяў. «Таму па шляху СССР або Кітаю канца 1980-х новае кіраўніцтва не пойдзе. Хутчэй за ўсё, яно абмяжуецца мадэрнізацыяй эканомікі», – лічыць Павел Усаў.

Абяцанне змагацца з карупцыяй, якое шмат каму з беларусаў нагадала 1994 год, палітолаг называе класічным для ўсіх недэмакратычных лідараў, якія абапіраюцца на наменклатурную верхавіну. Калі эліта доўгі час кіруе краінаю, яна адрываецца ад народу. Гэта выклікае незадавальненне простых грамадзянаў. Таму госць «Гарачага каментара» не выключае паказальных антыкарупцыйных працэсаў, якія насамрэч ніяк не паўплываюць на змену палітычнай сістэмы.

Да Беларусі новае кіраўніцтва Кітаю, паводле адмыслоўца, будзе праяўляць прагматычнасць. «Кітай жорстка ставіць умовы супрацы: калі даюць крэдыт, прымушаюць купляць свае тавары; калі будуюць, выкарыстоўваюць свае тэхналогіі», – тлумачыць Павел Усаў, засцерагаючы кіраўніцтва нашай краіны ад паглынання беларускай эканомікі кітайскаю.

belsat.eu

Стужка навінаў