КДБ: Рыхтаванне рэпрэсіяў ці непрафесіяналізм?


У Беларусі апошнім часам адбылося шмат падзеяў, так ці іначай звязаных з КДБ: адстаўка кіраўніка спецслужбы Вадзіма Зайцава; выбухі ля польскай мяжы, у літоўскім консульстве і ў Віцебску; арышт юнака, абвінавачанага ў шпіянажы. КДБ апынуўся ў цэнтры ўвагі – пра што гэта сведчыць?

Журналіст Андрэй Пачобут мяркуе, што логіка развіцця гэтых падзеяў указвае на магчымае ўзмацненне рэпрэсіяў супраць актыўнай часткі грамадства. «Я б не выключаў такога сцэнара, бо асноўная задача спецслужбаў – трымаць грамадзянскую супольнасць у страху і запалохванні», – мяркуе Пачобут.{movie}Пачобут: КДБ запалохвае грамадскую супольнасць|left|7524{/movie}

Паводле журналіста, пакуль разгортванне падзеяў не дае падставаў казаць пра нейкія палітычныя матывы здарэнняў. Аднак, як падкрэслівае Пачобут, сам факт выбуху менавіта ля будынку КДБ ставіць такое пытанне.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі выказаў думку, што былы шэф КДБ Вадзім Зайцаў лічыўся пратэжэ Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына прэзідэнта. «Магчыма, – падкрэсліў Класкоўскі, – бацька паказвае сыну, хто ў доме гаспадар». Аднак, паводле палітолага, гэта ўсё застаецца на ўзроўні здагадак, бо ў Беларусі кадравыя пытанні вырашае толькі адзін чалавек. «Калі ў краіне і ёсць нейкія групоўкі, то яны вельмі кволыя і, па вялікім рахунку, сядзяць як мышы пад мятлою», – заўважыў Класкоўскі.

{movie}Класкоўскі: КДБ займаецца не тым, чым павінна|left|7525{/movie}Палітолаг мяркуе, што спецслужбы, не хочучы рызыкаваць, самы́я не наважыліся б на арганізацыю апошніх выбухаў: «Калі б гэта пацвердзілася, то ім мала б не здалося».

Паводле Класкоўскага, у КДБ падае ўзровень прафесіяналізму. «Хоць спецслужбы вялікія і разадзьмутыя, але «заточаныя» пад палітычны вышук і рэпрэсіі, а таму не спраўляюцца з тым, чым яны найперш павінны займацца – тэрарызмам і гэтак далей», – мяркуе палітычны аглядальнік.

belsat.eu

Стужка навінаў