Топ-10 цікавых прыкладаў беларускай рэкламы


Праз тое, што па-беларуску афармляюць тавары пераважна замежныя фірмы (за што ім – вялікі дзякуй!), без памылак абыходзіцца рэдка. Праўда, і айчынныя вытворцы далёка не заўсёды могуць і хочуць пахваліцца веданнем роднай мовы.

Як паказвае практыка, у гіпермаркеце беларускамоўныя надпісы часцей за ўсё прысутнічаюць на імпартовых прадуктах харчавання. Замежных вытворцаў, якія пішуць па-беларуску, можна падзяліць на тры групы.

Да першай належаць тыя, хто кіруецца нармальнаю міжнароднаю логікай: рэклама ў краіне ствараецца на мове тытульнай нацыі. Да другое групы можна залічыць тых, хто ведае: грамадзяне Беларусі размаўляюць пераважна па-расейску, але гэтыя замежныя фірмы робяць крок насустрач беларушчыне, каб прадэманстраваць павагу да нацыянальна свядомых колаў. І нарэшце ў трэцюю групу ўваходзяць тыя імпарцёры, якія проста не валодаюць інфармацыяй пра моўную сітуацыю ў нашай краіне.

Цікава, што сярод айчынных вытворцаў, якія не грэбуюць роднаю моваю, большасць складаюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Паводле каардынатаркі грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніны Шыдлоўскай, прыватныя фірмы аддаюць перавагу расейскім надпісам, бо з імі можна прыйсці на постсавецкія рынкі. Інвеставаць жа ў родную мову – гэта дадатковыя выдаткі.

Як цвердзіць актывістка, айчынным спажыўцам беларускія надпісы падабаюцца. У сакавіку «Будзьма беларусамі!» разам з соцыяметрычнай лабараторыяй «Новак» праводзіла апытанне, якое датычыла месца беларускай мовы ў грамадстве. «На пытанне: дзе вы хацелі б бачыць больш беларускай мовы? – якраз ішлі адказы наконт візуальнай рэкламы – вонкавых шыльдаў і г. д. То бок людзі чакаюць, яны гатовыя спажываць і ўспрымаюць гэта з вельмі вялікай прыязнасцю», – кажа Ніна Шыдлоўская.

Паводле яе, тыя, хто імкнецца выкарыстоўваць беларускую мову, па-іншаму падыходзяць да стварэння рэкламнага прадукту: «Дзякуючы ўласцівасцям мовы, рэкламныя ролікі ўсё ж такі робяцца з большаю душою. І гэтая адметнасць, смак нашых беларускіх словаў – калі не калькуецца з іншых моваў, а насамрэч пераасэнсоўваецца на ўзор нашай ментальнасці – выклікае ў спажыўца станоўчыя эмоцыі».

Некаторыя беларускія вытворцы прыдумалі «паліткарэктныя» дзвюхмоўныя надпісы: «Конфеты «Папараць-кветка» ці «Хлеб «Водар лагодны» нарезанный».

belsat.eu

Стужка навінаў