ВІЧ – дыягназ, што вядзе да дыскрымінацыі?


Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі налічваецца каля 14 тыс. ВІЧ-інфікаваных людзей. Большасць з іх баіцца негатыўнага стаўлення свайго атачэння ў звязку з гэтым дыягназам.

Беларускія сацыёлагі правялі даследаванне, з якога вынікае, што 85 % беларусаў, якія жывуць з ВІЧ, сутыкаюцца з псіхалагічнымі праблемамі. Пры дыягнаставанні ВІЧ у чалавека развіваецца ўнутраная стыгма. «Ягоны псіхалагічны стан пагаршаецца за кошт таго, што ён саромеецца сваёй хваробы, адчувае сябе вінаватым, чакае негатыўнага стаўлення з боку іншых людзей», – гаворыцца ў выніках даследавання.

Даследаванне было скіраванае на вывучэнне індэксу стыгмы ВІЧ-інфікаваных жыхароў Беларусі. Падчас яго былі апытаныя 370 грамадзянаў краіны з гэтым дыягназам.

Больш за 60 % апытаных з ВІЧ вырашылі больш не мець дзяцей, 45,4 % пазбягалі наведвання мясцовай паліклінікі, хаця такая неабходнасць была. Кожны чацвёрты вырашыў не ўступаць у шлюб, практычна столькі ж вырашылі не працягваць навучання. Кожны пяты вырашыў не рухацца па кар’ернай лесвіцы. Некаторыя апытаныя казалі пра ізаляцыю ў сям’і, рашэнне не мець сацыяльных кантактаў, спыніць працу.

«Мы прыйшлі да высновы, што негатыўны псіхалагічны стан людзей, якія жывуць з ВІЧ, мае істотны ўплыў на ўсе складнікі іхнага жыцця», – заявіла прафесарка кафедры сацыялогіі БДУ Яўгенія Кечына.

71 % апытаных ВІЧ-інфікаваных адчувае сваю віну, 65 % саромеюцца свайго дыягназу, заяўляюць пра зніжэнне пачуцця самапавагі. 6–7 % маюць суіцыдальныя настроі, прычым сярод жанчын гэты паказнік нават вышэйшы – больш за 8 %.

Як мяркуе спецыялістка, узнікненне ўнутранай стыгмы можна мінімізаваць, калі пры паведамленні дыягназу ВІЧ чалавеку своечасова аказваюць псіхалагічную дапамогу. «Таму мы разглядаем псіхалагічную дапамогу людзям з ВІЧ як элемент неабходнай ім медыцынскай дапамогі, як адзін з фактараў забеспячэння іхнага жыцця», – падкрэсліла яна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары