Выбух у Віцебску: дапыталі 60 чалавек, падазраваных няма


Падазраваных у справе аб выбуху ў Віцебску на гэты момант няма, паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі ды сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэту Павел Травулька. У першыя дні дапыталі больш за 60 чалавек. Паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрымалі аднаго чалавека, аднак пасля правядзення правярання яго адпусцілі.

Нагадаем, выбух ля будынку УКДБ па Віцебскай вобласці невысветленай самаробнай выбухной прылады адбыўся ўвечары 11 лістапада.

Па факце выбуху расследуецца справа паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Асабліва злоснае хуліганства»). C мэтай устанаўлення выбуховага рэчыва, выкарыстанага пры вырабе выбуховага прыстасавання, і спосабу прывядзення яго ў дзеянне прызначылі выбухатэхнічную ды іншыя экспертызы, распавёў Травулька.

У паведамленні Камітэту дзяржбяспекі, распаўсюджаным на наступны дзень пасля выбуху, гаварылася, што 11 лістапада а 18:48 ля будынку ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці адбыўся падрыў прымітыўнай самаробнай піратэхнічнай прылады. У выніку былі пашкоджаныя два акны.

Паводле папярэдніх ацэнак, прылада ўяўляла з сябе кардонны або пластмасавы тубус, начынены 50–70 г піратэхнічнай сумесі і змешчаны ў металічную банку ёмістасцю 0,25–0,33 л без паражальных элементаў. У дзеянне прыведзеная агнявым спосабам (шляхам падпалу).

КДБ таксама паведамляў, што ў выніку следчых дзеянняў і на падставе паказанняў сведак затрыманыя тры чалавекі. Адзін з іх – «з вонкавымі прыкметамі адхіленняў ад нармальных паводзінаў, раней тэлефанаваў у УКДБ з некарэктнымі выказваннямі на адрас органаў улады».

belsat.eu

Стужка навінаў