У Расеі таксама пачалася шпіёнаманія?


Заканадаўцы пашырылі паняцце дзяржаўнай здрады. Цяпер пад яго можна «падвярстаць» практычна любы кантакт з замежнікамі.

У Расеі ўступаюць у сілу папраўкі да артыкулаў аб дзяржаўнай здрадзе ў Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах. Згодна з імі, абвінаваціць у шпіянажы могуць вельмі шырокае кола грамадзянаў, якія кантактуюць з замежнымі арганізацыямі.

Цяпер дзяржаўнаю здрадаю будуць лічыць не толькі раскрыццё дзяржаўнай таямніцы, але і аказанне «фінансавай, матэрыяльна-тэхнічнай, кансультатыўнай або іншай дапамогі» міжнародным арганізацыям. Тэкст паправак у заканадаўства можна прачытаць у «Российской газете».

Уводзіцца таксама новы артыкул, паводле якога караць змогуць проста за атрыманне звестак, якія ёсць дзяржаўнаю таямніцаю, нават калі мэтаю не былі шпіянаж або дзяржаўная здрада. Нельга будзе карыстацца адмысловаю апаратураю для назірання: за гэта пагражае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Выканаўчы дырэктар асацыяцыі абароны правоў выбарнікаў «Голас» Грыгорый Мельканьянц раней заявіў, што фармулёўкі закону настолькі расплывістыя, што яго з лёгкасцю можна выкарыстоўваць у рэпрэсіўных мэтах.

Дарэчы, за папраўкі прагаласавалі 449 з 450 дэпутатаў Дзяржаўнай думы.

belsat.eu

Стужка навінаў