Неўязны ў Беларусь праваабаронца ўвайшоў у раду пры прэзідэнце Расеі


Уладзімір Пуцін зацвердзіў новы склад Кансультацыйнай рады ў справах развіцця грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека пры прэзідэнце Расейскай Федэрацыі. Для Беларусі гэта можа быць станоўчым сігналам.

Адным з чальцоў Кансультацыйнае рады стаў праваабаронца Андрэй Юраў. Ён таксама і старшыня Міжнароднай назіральнай місіі пры Камітэце міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронца падзяліўся з «Белсатам» планамі на будучую працу ў органе: «Я ішоў у намінацыі «Правы чалавека ў СНД ды іншых краінах», і ў мяне ёсць цвёрды намер нарэшце стварыць сталую групу, якая б займалася сітуацыяй з правамі чалавека ў іншых дзяржавах».

Для Беларусі гэта значыць, што ў органе будзе асоба, якая добра ведае сітуацыю ўнутры нашай краіны. Андрэй Юраў – адзін з ініцыятараў стварэння пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, у які ўвайшло калі 30 арганізацыяў.

{movie}Юраў: Спадзяюся, беларускія ўлады задумаюцца |left|7489{/movie}Ён жа ўзначаліў Міжнародную назіральную місію Камітэту, якая дзеяла ў Менску і праводзіла маніторынг судовых працэсаў, акцыяў пратэсту, сітуацыі са свабодаю слова ды іншымі правамі чалавека. Пасля закрыцця беларускага офісу АБСЕ Місія сталася важнаю крыніцаю інфармацыі для міжнароднай супольнасці.

Цягам 2011 года больш за дзясятак праваабаронцаў, якія наведвалі Місію ў Менску, былі дэпартаваныя і атрымалі статус неўязных у Беларусь нібыта за «парушэнне міграцыйнага заканадаўства». У іх лік трапіў і Андрэй Юраў. Палітык спадзяецца, што з ягоным прызначэннем у Кансультацыйную раду пры прэзідэнце РФ, улады Беларусі зменяць сваё стаўленне да дзейнасці Міжнароднай назіральнай місіі.

Праваабаронца лічыць, што апошні год сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца стабільна складанаю: значнага пагаршэння не адбылося, але і зрухаў у станоўчы бок таксама няма.

Хаця Кансультацыйная рада мае дарадчы статус, яе абноўлены склад можа прыцягнуць дадатковую ўвагу да праблемаў усяго рэгіёну. «Адно тое, што ў Кансультацыйнай радзе была асобная намінацыя «Правы чалавека ў СНД», кажа пра тое, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца больш грунтоўна і ў СМІ, і ў паліталагічных ды праваабарончых колах», – адзначае Андрэй Юраў.

Даведка: Кансультацыйная рада пры прэзідэнце Расейскай Федэрацыі ў справах развіцця грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека – дарадчы орган пры кіраўніку Расейскай дзяржавы. Ён створаны з мэтаю спрыяння прэзідэнту ў рэалізацыі ягоных канстытуцыйных паўнамоцтваў у галіне забеспячэння і абароны правоў ды свабодаў чалавека і грамадзяніна, інфармавання кіраўніка РФ пра стан справаў у гэтай галіне, дапамогі развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці, рыхтавання прапановаў прэзідэнту Расеі ў пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Рады.

belsat.eu

Стужка навінаў