Саннікаў стварае за мяжою свой урад?


Прыхільнікі віленскага мемарандуму мяркуюць, што экс-кандыдат на прэзідэнцтва збіраецца канкураваць з Радаю БНР, якая сімвалічна выконвае функцыі беларускага ўраду на выгнанні.

Чаго чакаць ад эмігравання экс-кандыдата на прэзідэнцтва, кіраўніка «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава і шэрагу ягоных паплечнікаў, разважае газета «Белорусы и рынок». Апроч лідара арганізацыі, у Вялікай Брытаніі цяпер жывуць ягоныя прыхільнікі са «Свабоднага тэатру» Наталля Каляда і Мікалай Халезін. У Польшчу з’ехалі рэдактарка сайту «Хартыя’97» Наталля Радзіна, намеснік старшыні «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрый Бандарэнка і прэс-сакратар перадвыбарчага штабу Саннікава – Аляксандр Атрошчанкаў. Там жа – і былы кіраўнік перадвыбарчага штабу Уладзімір Кобец, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель і Зміцер Бародка.

Як вядома, Андрэй Саннікаў не толькі не далучыўся да Віленскага мемарандуму, падпісанты якога аб’ядналіся пад эгідаю Рады БНР, але і назваў і іхную дзейнасць, і сам дакумент шкоднымі. Не падтрымалі мемарандуму яшчэ некалькі палітычных сілаў, у тым ліку Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ на чале з Зянонам Пазняком.

Раней з ініцыятываю стварыць альтэрнатыўны ўрад за мяжою выступаў Уладзімір Барадач, былы палкоўнік спецназу, які жыве ў Нямеччыне. Аднак пазней ён заявіў, што збіраецца не канкураваць з Радаю БНР, а працаваць пад яе кіраўніцтвам.

«Такім чынам, патэнцыйна ініцыятыва стварэння вось такога квазіўраду ў выгнанні можа зыходзіць, на мой погляд, толькі ад «Хартыі’97»–«Еўрапейскай Беларусі», якія мемарандуму не падпісвалі», – паведаміў у інтэрв’ю «Белорусам и рынку» намеснік старшыні Партыі БНФ (якая далучылася да віленскай ініцыятывы) Ігар Лялькоў.

Згадваючы спробы супрацы «Еўрапейскай Беларусі» з рознымі апазіцыйнымі структурамі ды добрыя яе кантакты на высокім узроўні за мяжою, выданне заўважае, што беларуская дыяспара ў Вялікай Брытаніі да прыезду Саннікава паставілася насцярожана.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары