Канстанцінаў: Меркаваны «здраднік дзяржавы» не ведае англійскай мовы


Старшыня «Саюзу маладых інтэлектуалаў», сябрам якой быў арыштаваны за здраду айчыне Андрэй Гайдукоў, мяркуе, што справу сфабрыкавала КДБ.{movie}Канстанцінаў: Гайдукоў не ведае англійскай мовы|left|7478{/movie}

Яўген Канстанцінаў расказаў, што «Саюз маладых інтэлектуалаў» удзельнічаў у акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» ды ў Маршы Свабоды ў Наваполацку.

Маладыя інтэлектуалы меліся ў хуткім часе зарэгістраваць сваю суполку і разгарнуць шырокую дзейнасць па ўсёй краіне. Канстанцінаў мяркуе, што менавіта палітычная актыўнасць Гайдукова сталася падставаю для ягонага арышту.

«Да Гайдукова на працу прыходзілі працаўнікі спецслужбаў і пагражалі яму арыштам. Былі спробы адлічыць яго з універсітэту», – падкрэсліў дзеяч.

На ягоную думку, затрыманне актывіста – абсурднае, бо той не мог валодаць ніякаю сакрэтнаю інфармацыяй і нават не ведае англійскай мовы. «Хутчэй за ўсё, гэта адна з сфабрыкаваных справаў, што нагадвае сітуацыю пасля шведскага дэсанту, калі людзей арыштоўвалі паводле падазрэння ў дзяржаўнай здрадзе», – заўважыў Канстанцінаў.

Праваахоўнікі падкрэсліваюць, што з канца 2011 года артыкул 356 КК дзее ў змененай рэдакцыі, якая прадугледжвае адказнасць за дапамогу замежнай дзяржаве. Невыразнасць крытэраў таго, што ж лічыць дапамогаю замежнай дзяржаве, можа прывесці да неабгрунтаванага пераследу.

Гайдукова затрымалі падчас закладання схованкі

У здрадзе дзяржаве абвінавачваюць Андрэя Гайдукова, якога затрымалі ў Віцебску яшчэ 8 лістапада. Актывісту БХД і сябру «Саюзу маладых інтэлектуалаў» пагражае зняволенне тэрмінам ад 7 да 15 гадоў.

КДБ паведаміў, што маладзён займаўся зборам і перадаваннем інфармацыі палітычнага ды эканамічнага характару і быў затрыманы спецслужбамі ў момант закладання схованкі, дзе меў намер змясціць сакрэтныя звесткі для замежнікаў. Цяпер Гайдукова ўтрымліваюць у СІЗА КДБ.

Паводле каардынатаркі БХД у Віцебскай вобласці Таццяны Севярынец, абвінавачаны некалькі разоў жартам згадваў, што грамадскі праект, якім ён займаўся, «фінансавала ЦРУ».

belsat.eu

Стужка навінаў