Аўстрыйцы не ведаюць, што рабіць з домам Гітлера


Спроба вярнуць будынак у жылы фонд выклікала шматлікія дыскусіі.

Дом, дзе ў красавіку 1889 года прыйшоў на свет будучы крывавы дыктатар, месціцца ў горадзе ў Браўнаў-ам-Ін (Braunau am Inn) ля Зальцбурґу. Ягоная сям’я пражыла тут тры гады.

Спрэчкі разгарэліся паміж тымі, хто хоча акцэнтаваць мінулае, і прыхільнікамі таго, каб перагарнуць ганебную старонку гісторыі. Апошнюю пазіцыю падтрымлівае і бурмістар Ёганэс Вайдбахэр (Johannes Waidbacher), які і прапанаваў зрабіць будынак жылым.

Аднак апошняе слова – за ўласніцаю нерухомасці (пенсіянеркаю, імя якой не называецца) і Міністэрствам унутраных справаў. Ведамства пакуль не заняло пэўнае пазіцыі адносна будучыні дому, у якім нарадзіўся Гітлер. Прэс-служба МУС падкрэсліла, што галоўнае – не дапускаць да будынку прадстаўнікоў неанацысцкіх рухаў.

Мясцовы гісторык і палітолаг Андрэас Майслінґер (Andreas Maislinger) гадамі дамагаецца, каб будынак перадалі ў дзяржаўную ўласнасць і зрабілі ў ім «Дом адказнасці» – месца для міжнародных спатканняў моладзі. Ён мяркуе, тут можна было б праводзіць заняткі па гісторыі Аўстрыі або займацца грамадскімі праектамі, напрыклад, у справе правоў цыганоў.

belsat.eu

Стужка навінаў