У здрадзе айчыны вінавацяць за жарты пра ЦРУ?


Як паведаміла “Белсату” каардынатарка БХД у Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец, абвінавачаны ў здрадзе радзімы Андрэй Гайдукоў не быў актыўным сябрам БХД. Яна мяркуе, што затрыманне Гайдукова можа быць звязанае з нейкім праектам у межах “Усходняга партнёрства”, які ён рыхтаваў разам з сябрам БХД Іллём Багданавым.



“Пагадненне” з ЦРУ?

Паводле няпэўных звестак, КДБ спачатку выставіла Гайдукову абвінавачанне ў “намеры падпісаць пагадненне з амерыканскімі спецслужбамі” – за гэта можна атрымаць да 2 гадоў турмы. Аднак пазней фармулёўку змянілі. Відаць, чэкісты прыйшлі да высновы, што нейкае “пагадненне” ўжо было падпісанае. Цяпер яго вінавацяць паводле арт. 356 “Здрада Радзіме” – ад 7 да 15 гадоў турмы.

Таццяна Севярынец кажа, што калі Гайдукоў з Багданавым размаўлялі пра свой праект, то жартам казалі, што іх “фінансуе ЦРУ”.



Незразумелая арганізацыя

Андрэй Гайдукоў – намеснік кіраўніка моладзевай суполкі “Саюз маладых інтэлектуалаў”. Што гэта за арганізацыя і чым займаецца – невядома.

Яе старшыня Яўген Канстанцінаў паведаміў “Нашай Ніве”, што суполка была ўтвораная ажно тры гады таму і летась удзельнічала ў “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі”. Разам з тым, ён падкрэсліў, што “Саюз маладых інтэлектуалаў” перадусім грамадска-культурніцкая арганізацыя.

“Калі што, я цябе таксама за сабою пацягну”

Сябра Гайдукова Ілля Багданаў быў затрыманы разам з ім. Пасля візіту ў СІЗА КДБ яго адпусцілі. Паколькі Багданаў даў падпіску аб неразгалошванні, то не можа паведаміць дэталяў справы. Аднак ён распавёў, што падчас допыту яму паказвалі доказы супраць Гайдукова.

“Доказы не пісьмовыя, але там усё вельмі сур’ёзна. На наступны дзень на працу прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Казалі, што Гайдукоў мяне здаў. Магчыма гэта такі псіхалагічны ціск, але мне згадалася апошняя размова з Гайдуковым, дзе той казаў: “Калі што, я цябе таксама за сабою пацягну”, – паведаміў “Нашай Ніве” Багданаў.

Гэта не першы выпадак, калі грамадзяне Беларусі падазраюцца ў здрадзе Радзіме. У 2002 г. КДБ вынес папярэджанне старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку “ў сувязі з магчымаю здрадаю Радзіме”. Аднак на пагрозах справа скончылася. Сёлета чэкісты паведамілі пра затрыманне двух грамадзянаў Беларусі, што шпіёнілі на карысць Літвы. Што з гэтымі людзьмі ды хто яны – невядома. Таксама, як і з затрыманым у гэтым жа годзе жыхаром Берасця, які меўся збіраць інфармацыю пра шэраг беларускіх грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў