Пасол Вялікай Брытаніі: Беларусі і ЕЗ трэба ўзяць паўзу


Новы пасол Злучанага Каралеўства ў Беларусі Брус Бакнэл мяркуе, што бакам трэба асэнсаваць свае дачыненні.

“Еўразвяз прапаноўвае выразныя ўмовы, выкананне якіх неабходнае для паляпшэння адносінаў. Самае важнае – гэта вызваленне палітзняволеных. Беларусь месціцца ў Еўропе, і мы хочам бачыць, што яна падзяляе еўрапейскія каштоўнасці”, – падкрэсліў дыпламат. {movie}Брус Бакнэл адносіны Беларусь:ЕЗ|right|7472{/movie}

Бакнэл падкрэсліў, што ўведзеныя Еўразвязам санкцыі “не скіраваныя супраць беларускага народу”. “Іх мэта – змяніць паводзіны ўраду Беларусі на карысць народу. Пытанне санкцыяў адкрытае, пакуль Беларусь не выканае ўмоваў”, – падкрэсліў амбасадар.

Каментуючы меркаванне некаторых экспертаў пра тое, што ўвядзенне эканамічных санкцыяў – найбольш эфектыўны спосаб дабіцца ад уладаў вызвалення палітзняволеных, Бакнэл заўважыў: “Эканамічныя санкцыі – заўсёды супраць народу. Палітыка ЕЗ – гэта палітыка ўсіх 27 краінаў-чальцоў, гэта заўсёды працэс дыялогу. І цяпер мне здаецца, што краіны ЕЗ прыйшлі да кансенсусу: не змяняць рэжыму санкцыяў і па-ранейшаму ўжываць іх кропкава”.

Пры гэтым дыпламат падкрэсліў, што санкцыі Еўразвязу адносна Беларусі будуць дзеяць, пакуль не будуць вызваленыя ўсе без вынятку палітзняволеныя.

“Урад Беларусі ведае добра прычыны гэтых санкцыяў, але палітыка не мяняецца. Я ўжо гаварыў, што мы прапаноўваем выразныя ўмовы, і пытанне застанецца адкрытае, пакуль Беларусь не выканае гэтых умоваў”, – заявіў пасол Вялікай Брытаніі Брус Бакнэл.

belsat.eu

Стужка навінаў